Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "Зубры" рыхтуюцца да рэвалюцыі ў сталіцы Альбаніі, Тыране


Алена Струвэ, Менск Рух за дэмакратычныя пераўтварэньні сёньня закрануў большасьць посткамуністычных краінаў ад Усходняй Эўропы да Азіі. Аглядальнікі шэрагу нямецкіх СМІ, сярод якіх газэта “Junge Welt’ і палітычны інтэрнэт-рэсурс telepolis.de аналізуюць вынікі Першага міжнароднага сходу моладзевых дэмакратычных арганізацыяў ў Тыране і прагназуюць далейшае палітычнае разьвіцьцё ў Беларусі. З аглядам нямецкага друку -- наша карэспандэнтка.

Яны называюцца “Отпор”, “Пора”, “Кхмара”, “Зубр”, “Ёкх”... Сёлета ў чэрвені прадстаўнікі гэтых і шэрагу іншых нацыянальных моладзевых рухаў у падтрымку дэмакратыі правялі свой першы сход у альбанскай сталіцы Тыране. Дарэчы, адпаведная арганізацыя ў Альбаніі, якая ладзіла гэтую сустрэчу называецца “М''яфт”(“Досыць”).

У часе форуму былі прааналізаваныя дачыненьні паміж моладзевымі аб’яднаньнямі і Захадам.

Прадстаўнік азэрбайджанскай арганізацыі “Ёкх” (“Не”) раскрытыкаваў надзвычайную асьцярожнасьць ЗША ў азэрбайджанскім пытаньні. Паводле ягоных словаў, нават пасьля 13-гадовай дыктатуры ў Азэрбайджане Злучаныя Штаты не зьбіраюцца падтрымліваць тут аніякай рэвалюцыі. Меркаваньне кшталту, “наўрад ці югаслаўскі сцэнар магчымы ў іншых краінах”, гучала нярэдка.

Як прагучала ў часе Тыранскай сустрэчы, сэрыя распачатых у Бялградзе ў 2000 годзе дэмакратычных рэвалюцыяў праўдападобна закране ў будучым годзе і Беларусь.

Што да “патэнцыйнай ахвяры будучай васільковай рэвалюцыі” – прэзыдэнта Лукашэнкі, то, як пішуць нямецкія аглядальнікі, ён пастаянна заяўляе адносна беспадстаўнасьці падобных спэкуляцыяў. Як кажа беларускі кіраўнік, яго спрабуюць зрынуць ужо 10 год і ўсё беспасьпяхова.

Паводле нямецкіх экспэртаў, у Лукашэнкі па-ранейшаму застаецца вялікая колькасьць прыхільнікаў на радзіме. Зь яго імем многія зьвязваюць адсутнасьць шокавай тэрапіі і розных непапулярных у народзе жорсткіх эканамічных экспэрымэнтаў, якія назіраюцца ў тых жа Расеі, Украіне, Грузіі. Аглядальнікі зьвяртаюць увагу і на пэрманэнтныя памылкі беларускай апазыцыі. Гэта, паводле немцаў, і непапулярная сярод насельніцтва расейскафоская рыторыка, і бездапаможнасьць у выбары альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата.

Як піша “Junge Welt’, у Беларусі па-ранейшаму застаецца 12 апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Ня выключана, што бліжэйшым часам іхная колькасьць узрасьце да 15-ці, а можа нават і 20-ці. Зразумела, папулярнасьць гэтых людзей далёкая ад той, якую мае Лукашэнка. Рашэньне пра адзінага кандыдата будзе прынятае хутчэй за ўсё ўвосень, у часе Кангрэсу, які адбудзецца ў суседняй краіне, магчыма ва Ўкраіне, з удзелам вялікай колькасьці журналістаў амэрыканскіх і эўрапейскіх СМІ.

Нямецкія аналітыкі ацэньваюць даволі пэсымістычна пэрспэктывы беларускага перавароту ў тым выпадку, калі стаўка будзе рабіцца выключна на падтрымку Захаду, без уліку расейскага ўдзелу. Менавіта Пуцін можа забясьпечыць падзеньне беларускага дыктатара, пазбавіўшы рэжым адпаведных эканамічных датацыяў. Заходнія аналітыкі ў гэтым зьвязку не выключаюць гэтак званай рэвалюцыі зьверху. Ня выключана, што гэткае разьвіцьцё прывядзе да ўлады сілы яшчэ больш прарасейска арыентаваных палітыкаў, чым Лукашэнка. У такім выпадку непазьбежнай будзе карэкцыя праз другую празаходнюю рэвалюцыю, лічыць нямецкі журналіст "Junge Welt".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG