Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Мацкевіч пра выбары 2006: "На дапамогу Расеі спадзявацца ня варта"


Міхал Стэльмак, Менск Адным з накірункаў недапушчэньня ў Беларусі “каляровай рэвалюцыі” зьяўляецца нэўтралізацыя Расеяй празаходняга вэктару дзейнасьці беларускай апазыцыі. Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў вядомы беларускі палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Паводле Ўладзімера Мацкевіча, пасьля леташняй паразы ва Ўкраіне перад расейскімі паліттэхнолягамі стаіць задача рэабілітацыі. І гэтая задача, паводле спадара Мацкевіча будзе вырашацца ў Беларусі, з тым, каб сарваць тут палітычны сцэнар “каляровай рэвалюцыі”. Прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі ўяўляе сабой палігон, дзе маскоўскія паліттэхнолягі, як лічыць Уладзімер Мацкевіч, будуць практыкавацца ў выпрацоўцы тэхналёгіі зрыву такой “рэвалюцыі”.

(Мацкевіч: ) “Самыя дэмакратычныя людзі ў Расеі – яны. Тым ня менш, імпэрцы. І ў гэтым сэнсе нам спадзявацца на шчырую дапамогу Расеі ня варта.

Ёсьць дзьве асобы, якія сымбалізуюць правядзеньне гэтай расейскай стратэгіі ў Беларусі. Гэта Глеб Паўлоўскі і Фонд эфэктыўнай палітыкі. І другая асоба– гэта Караганаў, які ня тое, што марыць, а працуе на тое, каб кантраляваць празаходнюю частку беларускай апазыцыі. Не камуністычную, ні левую, ні прарасейскую, а менавіта празаходнюю. Паглядзіце на біяграфію гэтага чалавека. На пасады, якія ён займаў. Караганаў працуе на карысьць Расеі, так, як ён гэта разумее. І ніякіх ілюзіяў тут не павінна быць. І сёньня вось створана гэтая дэкаратыўная структура, якая мае дэкляратыўную мэту абароны правоў чалавека ў Беларусі, у якую ўваходзяць шэраг вядомых беларускіх асобаў, якія бяруць удзел у “мазгавых” цэнтрах беларускай апазыцыі”.

Нагадаем, 1 чэрвеня ў Маскве была створана грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія Рады пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі ў пытаньнях садзеяньня разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правам чалавека. Спадар Караганаў – сустаршыня гэтай камісіі з расейскага боку. Сябра гэтай камісіі зь беларускага боку – старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька. Заяву палітоляга Мацкевіча спадарыня Процька пракамэнтавала наступным чынам:

(Процька: ) “Кожны разумны чалавек у сучаснай цывілізацыі разумее, што стабільнасьць і добрыя адносіны паміж дзяржавамі магчымыя толькі на аснове дэмакратыі, законнасьці і выкананьня правоў чалавека. Менавіта ў гэтых умовах цывілізацыя можа пасьпяхова разьвівацца. І ў Расеі дастаткова людзей, якія прымаюць гэтыя высновы, якія вынікаюць з разьвіцьця цывілізацый. Караганаў – разумны чалавек, ён зьяўляецца намесьнікам дырэктара Інстытуту Эўропы Расейскай акадэміі навук. Як навуковец ён разумее гэтыя ідэалы і гэтыя ўмовы. Падабаецца гэта яму ці не – іншая справа. Зыходзячы з гэта ён і будуе сваю дзейнасьць. І вельмі важна, што гэтая дзейнасьць Караганава і Рады, у якую ўваходзяць і Памфілава, і Сванідзэ – людзі, якія хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай краінай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG