Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску камэнтуюць справаздачу Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі


Валер Каліноўскі, Менск Чарговая крытычная справаздача аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі, зробленая Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыяй, адлюстроўвае рэальныя падзеі і тэндэнцыі,– лічаць беларускія праваабаронцы і грамадзкія дзеячы. Афіцыйнай рэакцыі на дакумэнт пакуль няма.

МЗС Беларусі пакуль ня будзе камэнтаваць справаздачу Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі, паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Руслан Есін, ён зазначыў, што гэта ацэнкі “грамадзкай структуры.”

Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя рыхтавала справаздачу па Беларусі ў супрацоўніцтве зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам. Прадстаўнік апошняга Алег Гулак паведаміў, што імі падавалася толькі невялікая колькасьць фактаў, паколькі аб’ём справаздачы абмежаваны:

(Гулак: ) “Мы спрабуем адабраць праблемы, найбольш важныя для Беларусі, найбольш вострыя, найбольш небясьпечныя, на нашую думку.”

Алег Гулак зазначае, што тая колькасьць фактаў, якая зьмешчаная ў справаздачы і тыя факты, што не патрапілі ў яе, падмацоўваюць выснову МХФ аб тым, што Беларусь – адна з горшых краінаў Эўропы ў пляне падзелу ўладаў, дэмакратыі і правоў чалавека:

(Гулак: ) “З той інфармацыі, якой валодаем мы, на сёньняшні дзень на эўрапейскай тэрыторыі, сярод краін-удзельнікаў хэльсынскага працэсу і АБСЭ сытуацыя на Беларусі найгоршая.”

Спэцыфіка новай справаздачы МХФ ў тым, што ў яе патрапілі і беларускія праваабаронцы, якія затрымліваліся беларускімі ўладамі, супраць якіх чыніўся судовы і адміністратыўны ціск. Алег Гулак кажа, што праваабаронцам у Беларусі быць складана, як дарэчы і бізнэсоўцам, журналістам ці прадстаўнікам іншых прафэсіяў.

Выснову МХФ аб невыкананьні ў Беларусі прынцыпу падзелу ўладаў пацьвярджае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, спасылаючыся на свой нэгатыўны досьвед удзелу ў апошніх парлямэнцкіх слуханьнях і расьсьледаваньнях, у якіх яна брала ўдзел, і якія прывялі яе да сумных высноваў:

(Абрамава: ) “І вось я думаю, што калі дэпутат сёньня не абаронены, то як жа можа ісьці размова аб паўнацэнным падзеле ўладаў, аб праве парлямэнцкага кантролю і ўвогуле аб паўнавартасным існаваньні парлямэнту.”

У справаздачы МХФ згадваецца леташні ціск на НІСЭПД з боку мін''юсту, КДБ, іншых дзяржаўных органаў. Сёлета інстытут быў закрыты Вярхоўным судом. Кіраўнік інстытута Алег Манаеў сьведчыць, што ў цэлым у краіне ў гэтым годзе сытуацыя нават пагоршылася ў параўнаньні з тым, што адлюстравана ў справаздачы МХФ за мінулы год. І прычыны гэтага зразумелыя, кажа спадар Манаеў:

(Манаеў: ) “Набліжаюцца выбары прэзыдэнта. Стопрацэнтнай упэўненасьці ў перамозе ва ўлады няма. Перш за ўсё таму, што ўлада добра ведае сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму – што тады “за” было меней за 50 адсоткаў.”

Да іншых фактараў, якія раздражняюць уладу, спадар Манаеў аднёс кансалідацыю апазыцыі, якая вылучае адзінага кандыдата і ціск на Менск міжнароднай супольнасьці. Адпаведна ціск грамадзкай супольнасьці ў Беларусі будзе толькі ўзрастаць, – прагназуе прафэсар Манаеў.

Гл. таксама • Выснова экспэртаў IHF: "Сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пагаршаецца"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG