Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рады Эўропы рыхтуецца да беларускіх выбараў 2006 году


Алесь Дашчынскі, Менск Дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па Беларусі Азім Малазадэ заяўляе аб падрыхтоўцы стварэньня міжнароднага каардынацыйнага цэнтра ў беларускай праблематыцы. Пасьля вяртаньня ў Баку са Страсбура, дзе праходзіла сэсія ПАРЭ Азім Малазадэ адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

Падкамітэт па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ўхваліў мэмарандум, падрыхтаваны спадаром Малазадэ. У гэтым дакумэнце дадзеная ацэнка сёньняшняй унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі. Якія крокі зробяць парлямэнтары Рады Эўропы далей?

(Малазадэ: ) "Далей падкамітэт вырашыў сумесна зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі заняцца падрыхтоўкай да стварэньня адзінага цэнтра, які мог бы каардынаваць дзейнасьць АБСЭ, Эўразьвязу, Рады Эўропы, кангрэсу ЗША, якія ўважліва сочаць за працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі. На жаль, зь Беларусі прыходзяць навіны, якія нас усіх засмучаюць, сытуацыя з кожным днём становіцца там усё больш цяжкай і прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы зрабіў спэцыяльную заяву па сытуацыі ў краіне. Падкамітэт і я, як дакладчык, будзем уважліва сачыць за сытуацыяй і рэагаваць на тыя працэсы, якія адбываюцца. На жаль, сытуацыя ў Беларусі супярэчыць міжнародным нормам у сфэры правоў чалавека і выклікае трывогу ў сяброў Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы".

(Карэспандэнт: ) "Хто ўвойдзе ў склад плянуемага міжнароднага цэнтра па Беларусі?"

(Малазадэ: ) "У яго працы будуць удзельнічаць прадстаўнікі Парлямэнцкіх асамблей АБСЭ, Эўразьвязу, Рады Эўропы, кангрэсу ЗША. Кожная з гэтых струкутраў праводзіць сваю працу, але не існуе каардынацыі гэтай дзейнасьці. Таму Рада Эўропы і выступае з такой ініцыятывай каардынацыі дзейнасьці міжнародных арганізацый, асабліва гэта тычыцца тых структураў, у якіх Беларусь яшчэ захавала сваё сяброўства – гэта ААН і АБСЭ, перад якімі Беларусь мае шэраг абавязацельстваў. Падыход наш такі: правы чалавека і пытаньні дэмакратыі не могуць быць унутранай справай краіны.

Грубае парушэньне правоў чалавека – гэта гуманітарная галіна, якая прыцягвае ўвагу ўсіх міжнародных арганізацый і ў гэтым пляне міжнародныя арганізацыі павінны скарыстаць усе свае магчымасьці. Яны павінны выкарыстаць свой уплыў. каб памяняць сытуацыю ў Беларусі. Таму што тая ж шматдзённая галадоўка зьняволенага Сяргея Скрабца стварае пагрозу яго жыцьцю. Штодня мы даведваемся пра новыя палітычна матываваныя судовыя рашэньні. Сусьветная супольнасьць не можа на гэта заплюшчыць вочы."

(Карэспандэнт: ) "Прадстаўнік беларускага міністэрства замежных справаў заявіў пра тое, што ў мэмарандуме, падрыхтаваным спадаром Малазадэ, няма ніякіх канструктыўных прапановаў, маўляў, там паўтараюцца ранейшыя абвінавачаньні. Як Вы ставіцеся да гэтых выказваньняў з боку афіцыйнага Менска?"

(Малазадэ: ) "Канструктыўныя прапановы могуць зьявіцца толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады будуць прымаць канкрэтныя крокі па зьмене сытуацыі з палітычнымі вязьнямі, сродкамі масавай інфармацыі, і дзейнасьцю палітычных партый. У наступны годзе ў Беларусі будуць выбары і каб гэтыя выбары далі магчымасьць беларускаму народу рэалізаваць сваю волю, павінна быць адпаведная перадвыбарная атмасфэра. Рада Эўропы заўсёды гатовая да дыялёгу і гатовая ацаніць крокі Беларусі на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека і пасьля гэтага, я думаю, можа быць дыялёг, магчымы прыезд рэпартэраў з розных міжнародных арганізацый, каб на месцы высьветліць сітуацыю і абмяркоўваць урэгуляваньне праблем разам з беларускімі ўладамі. Пакуль што з боку Беларусі адпаведных крокаў і кантактаў мы ня ўбачылі".

Апарат Рады Эўропы праводзіць перамовы з афіцыйным Менскам наконт магчымасьці прыезду спэцдакладчыка Азіма Малазадэ ў Беларусь для азнаямленьня з сытуацыяй на месцы. Нагадаем, раней дакладчык Камітэту ў правох чалавека ААН Адрыян Севярын не атрымаў дазволу беларускіх уладаў на ўезд на тэрыторыю Беларусі. Паводле спадара Малазадэ, казаць аб ягоным прыезьдзе ў Беларусь складана. Аднак праца над дакладам ідзе і, магчыма, увосень ён будзе прадстаўлены на абмеркаваньне падкамітэта Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG