Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У дзяцей адабралі грошы, каб падпісацца на "Советсткую Белоруссию"


Браніслава Станкевіч, Віцебск Вынікі падпісное кампаніі на трэці квартал падсумоўваюць віцебскія паштавікі, кіраўнікі прадпрыемстваў ды супрацоўнікі ідэалягічных аддзелаў. Найбольш пільна аналізуецца колькасьць выпісаных паасобнікаў “Советской Белоруссии” і раённых газэтаў, якія былі “рэкамэндаваныя” для абавязковай ведамаснай падпіскі.

Наступствам абавязковай ведамаснай падпіскі на газэту “Советскую Белоруссия” для вучняў Вархоўскай сярэдняй школы Гарадоцкага раёну сталася тое, што ў іх забралі заробленыя ўласнымі рукамі грошы. Паводле словаў дырэктара школы Леаніда Гаравога, падпіску на гэтае выданьне было загадана зрабіць за так званыя “пазабюджэтныя сродкі” – гэта тыя сродкі, якія вучні зарабілі, зьбіраючы макулятуру ды працуючы на прысядзібным участку.

(Гаравой: ) “Адзін камплект “Советской Белоруссии” на паўгады каштуе 45 тысяч рублёў. Але гэта дужа вялікая сума! На гэткія грошы вучням трэба вырасьціць 200 кіляў гародніны – морквы ці бульбы. Можна было б купіць фарбы на рамонт, альбо тыя самыя мячыкі, дык не – падпісвайся! Няхай бы на сельскія школы выпісалі газэту багацейшыя – газавікі або энэргетыкі, гэта было б нармалёва. Бо нават на прэзыдэнцкім сайце пішуць, што вясковыя школы не атрымліваюць дадатковага фінансаваньня.”

Спадар Гаравой кажа, што за вучнёўскія грошы ягоную школу падпісваюць на “Советской Белоруссию” ужо трэці раз, прычым з адміністрацыяй школы гэтае пытаньне нават не абмяркоўваецца. Таму яшчэ ў траўні ён даслаў у рэдакцыю газэты ліст з прапановай “узаемавыгаднага супрацоўніцтва”. Маўляў, калі за кошт нашых вучняў вы падвышаеце наклад свае газэты, то хаця б якасьці кампэнсацыі дапамажыце нам набыць спартовы інвэнтар або кампутар. У адказ яму напісалі: “Рэдакцыя падпіску не кантралюе і спонсарскай дзейнасьцю не займаецца”.

Намесьніца начальніка Гарадоцкага раённага аддзяленьня “Белпошты” Ніна Арлова кажа, што за ўмовы ведамаснай падпіску перадусім адказвае раённае галіновае кіраўніцтва – аддзелы адукацыі, аховы здароўя, будаўніцтва і г.д. Што да абавязкаў паштавікоў, то для іх уведзены такі панятак, як “кантралюемыя выданьні”, падпіску на якія трэба ўсялякім чынам стымуляваць. Гэта “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Знамя юности” – усяго сем дзяржаўных агульнарэспубліканскіх выданьняў. Але сёньня, кажа спадарыня Арлова, супрацоўнікаў пошты хвалююць не пытаньні ідэалёгіі, а праблема выкананьня пляну.

(Арлова: ) "Не, у нас няма такой ужо ідэалёгіі. У нас і “Народную волю” выпісваюць, і шмат хто. Мы ж маем агульны тыраж, і мы гонім гэты плян і раённымі выданьнямі, і “зараённымі”, і інтымнымі, і якімі заўгодна! І рады любому, хто падпішацца!"

Але плянавыя паказьнікі паштавікоў ня дужа хвалююць ідэалягічныя аддзелы мясцовых райвыканкамаў. Да прыкладу, у Воршы ды іншых райцэнтрах былі разасланыя пісьмовыя рэкамэндыцыі, паводле якіх кожнай дзяржаўнай установе і нават прыватнай фірме неабходна выпісаць “Советскую Белоруссию” і мясцовую “раёнку”. Прычым рэкамэндацыі ў гэтых лістах былі настолькі ультыматыўныя, а прапановы даць справаздачу пра падпіску настолькі катэгарычныя, што цяпер тыя, хто зь нейкіх прычынаў ня змог падпісацца, чакаюць спагнаньняў ды рэпрэсіяў.
XS
SM
MD
LG