Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова “Сталін” вярнулася на фасад Сувораўскай вучэльні (фота)


Севярын Квяткоўскі, Менск Фасад сувораўскай вучэльні першапачаткова быў аздоблены выявамі кніжак з надпісамі “Маркс”, “Энгельс”, “Ленін”, “Сталін”. Пасьля разьвянчаньня “культу асобы” імя Сталіна было сьцёртае. Рашэньне пра вяртаньне першапачатковага выгляду прынялі разам з агульнай рэстаўрацыяй будынку.

Слова “Сталін” на фасадзе Сувораўскай вучэльні паўтараецца больш за дзесяць разоў – па колькасьці дэкаратыўных “кніжачак”. Рэканструкцыю сувораўскай вучэльні ладзіць Менгарвыканкам.

Навуковы кіраўнік праекту Ўладзімер Вырастак наступным чынам патлумачыў вяртаньне імя Сталіна на фасад будынку:

(Вырастак: ) “Падыходзілі да гэтага, як да дэкаратыўнага элемэнту аднаўленьня. Кавалак арнамэнту зьбіты, вось яго і аднавілі: аніякай ідэалягічнай падаплёкі ў гэтым няма”.

Рабочыя, што працуюць на рэканструкцыі Сувораўскай вучэльні, безь вялікіх эмоцыяў успрымаюць вяртаньне слова “Сталін”:

(Рабочы: ) “Гэта было залеплена дзеля таго, што тады пайшла рэпрэсія, і гэта прыбралі. А цяпер проста вяртаюць гісторыю. Гэта даўно пастаўлены будынак. Для мяне ён (Сталін) нічога кепскага не зрабіў. Я б напісаў “Лукашэнка”, а што? Гэта нічога ня зьменіць, што будзе “Сталін”, што “Лукашэнка”, мы ад гэтага ня будзем нічога”.

Паводле гісторыка Захара Шыбекі, будынак сучаснай Сувораўскай вучэльні ўзьнік у першай палове ХІХ ст. Ад 1840 году там месьцілася духоўная сэмінарыя. Ад прыходу бальшавікоў і да сёньня ў будынку знаходзіліся рознага кшталту камуністычныя вайсковыя навучальныя ўстановы. Сучасны выгляд будынак набыў на пачатку 1950-х гадоў.

На колькі апраўданае вяртаньне імя Сталіна з пункту гледжаньня аднаўленьня гістарычнай спадчыны? Сытуацыю камэнтуе нядаўні дзяржаўны інспэктар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Менгнарвыканкаму Ўладзімер Папруга:

(Папруга: ) “Калі сьледваць такой лёгіцы, чаму б тады нямецкаму народу не пачаць аднаўляць аўтэнтыку пэрыяду гітлераўскіх 1933-1945 гг. Калі ставіць акцэнты, што тут аднаўляць, я за тое, каб аднавіць комплекс духоўнай вучэльні ХІХ стагодзьдзя”.

Нядаўна інспэктар Гарвыканкаму Ўладзімер Папруга застаўся бяз працы, бо яму не працягнулі кантракт.

***

Цяпер у Беларусі ёсьць бюст Сталіна, які стаіць у пасёлку Сьвіслач на Гарадзеншчыне. Таксама ў Слуцку, дзе рабочыя аднаго з будаўнічых упраўленьняў раскапалі бюст Сталіна, і ўсталявалі ў двары свайго прадпрыемства. А 30 чэрвеня пад Заслаўем для турыстаў адчыніцца гісторыка-культурны комплекс пад назвай “Лінія Сталіна”.
XS
SM
MD
LG