Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выснова экспэртаў IHF: "Сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пагаршаецца"


Кастусь Бандарук, Прага Міжнародная Гельсынская фэдэрацыя (IHF) па абароне правоў чалавека з штаб-кватэрай у Вене апублікавала гадавую справаздачу што да сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў 38 краінах АБСЭ з Эўропы, Каўказу і Паўночнай Амэрыкі. Справаздача ахоплівае 24 былыя камуністычныя краіны, а таксама 13 краінаў з усталяванымі дэмакратычнымі сыстэмамі. 14 старонак справаздачы прысьвечаныя Беларусі. Са зьместам беларускай часткі вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Што датычыць вяршэнства закону, дэмакратыі і правоў чалавека Беларусь застаецца адной з найгоршых краінаў ў Эўропе. Улады не паважаюць шэрагу базавых правоў. Яны ўвялі жорсткія абмежаваньні на свабоду слова¸ згуртаваньняў і мэдыяў. Дрэннымі застаюцца ўмовы ўтрыманьня ў турмах і сьледчых ізалятарах, міліцыя праводзіць неабгрунтаваныя арышты. Крымінальны кодэкс ды іншыя законы дапушчаюць адвольныя абвінавачаньні, гаворыцца ва ўступе да справаздачы Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі.

У дакумэнце нагадваецца, што леташнія рэфэрэндум і выбары ў палату прадстаўнікоў не адпавядалі міжнародным стандартам. Улады скарысталі ўсе дзяржаўныя рэсурсы, каб забясьпечыць адпаведную выбарчую актыўнасьць і каб не зарэгістраваць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. З пункту погляду Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, незаконны быў таксама рэфэрэндум ў пытаньні магчымасьці балятавацца Аляксандру Лукашэнку на трэці тэрмін.

У справаздачы адзначаецца перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, у прыватнасьці Беларускага Гельсынскага Камітэту і праваабарончага цэнтру “Вясна”. У верасьні 2004 году па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта да двух гадоў абмежаваньня свабоды былі асуджаныя апазыцыйныя дзеячы: Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў. Да двух з паловай гадоў працоўнай калёніі была асуджаная Аксана Новікава за распаўсюд у менскім мэтро ўлётак з крытыкай Лукашэнкі. 367 артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае 5 гадоў турмы за паклёп і 3 гады за абразу прэзыдэнта. Пачынаючы з 2002 году адбыліся некалькі таямнічых нападаў на вядомых інтэлектуалаў. Невядомыя людзі зьбілі ў прыватнасьці прафэсара Адама Мальдзіса, рэжысэраў Юрыя Хашчавацкага і Валера Мазынскага, былога дырэктара Гуманітарнага ліцэю Уладзімера Коласа, праваабаронцу Алега Волчака і дэпутата парлямэнту Валера Фралова.

У 2004 годзе, паводле Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі, узмацніўся адміністратыўны і эканамічны ціск на незалежныя мэдыі. Скарыстоўваючы правіла чарговых папярэджаньняў міністэрства юстыцыі прыпыніла выхад такіх выданьняў, як “Навінкі”, “Згода”, Время”, “Біржа інфармацыі”.

За мінулы год былі затрыманыя ўдзельнікі шэрагу мірных дэманстрацыяў і сходаў, у прыватнасьці сябры "Маладога Фронту" і руху "Зубр". 19 кастрычніка міліцыя і амон жорстка зьбілі сотні ўдзельнікаў дэманстрацыі супраць вынікаў рэфэрэндуму, у тым ліку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Каля 50 чалавек былі затрыманыя і затым пакараныя грашовымі штрафамі альбо адміністратыўнымі арыштамі да 15 сутак.

У справаздачы Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі гаворыцца таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, пра перасьлед некаторых рэлігійных арганізацыяў такіх як “Харэ Крышна”, пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў дзяржаўных установах. Прыводзяцца шматлікія прыклады моўнай дыскрымінацыі ўладаў супраць носьбітаў беларускай мовы.

Аўтары справаздачы робяць выснову – сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі сыстэматычна пагаршаецца.
XS
SM
MD
LG