Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыняе галадоўку бабруйчанка, якая пікетуе на Бангалёры трэці тыдзень


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск Сёньня спыніла галадоўку Любоў Санкевіч – жыхарка Бабруйска, якая з дазволу ўладаў з 13 чэрвеня праводзіць акцыю пратэсту ў Менску на плошчы Бангалёр.

Сёньня, на 13-ты дзень галадоўкі, Любоў Санкевіч спыніла акцыю пратэсту з прычынаў пагаршэньня стану здароўя і поўнай абыякавасьці да акцыі прадстаўнікоў улады.

(Санкевіч: ) “Бачу, што мая галадоўка нічога не дае. Ураду нашаму напляваць на народ, разумееце? І потым мне сілы патрэбныя. Я не буду паміраць”.

Любоў Санкевіч пікетуе на Бангалёры трэці тыдзень. Яна заяўляе, што пратэстуе супраць раскраданьня дзяржаўнай маёмасьці і рабаваньня народу. Жанчына абвінавачвае ў злоўжываньнях кіраўніцтва Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў і дамагаецца свайго аднаўленьня на працы на гэтым прадпрыемстве.

Любоў Санкевіч вядзе барацьбу чатыры гады, паўтары гады таму яна галадавала 31 дзень, але бабруйчанка прызнае, што плёну ад гэтага пакуль няма.

(Санкевіч: ) “Карацей, я упэўнілася, што ў нашай рэспубліцы нельга простаму чалавеку без крутых сяброў, валасатай рукі і тоўстага кашалька дамагчыся праўды. Нікому не патрэбен просты чалавек”.

Галадоўка спыненая, але пікет на Бангалёры працягваецца. Цяпер жанчына зьбірае подпісы тых, хто цікавіцца яе акцыяй пратэсту, спачувае і падтрымлівае яе. Ёсьць і такія цікаўныя, якія патрабуюць тэрмінова зьнішчыць плякаты і не ганьбіць кіраўніцтва краіны. Але найбольш тых, гаворыць Любоў Санкевіч, якія баяцца выказаць свой інтарэс.

(Санкевіч: ) “Баяцца людзі падыходзіць – а можа нехта запісвае на стужку, а потым ім прад''явіць прэтэнзіі. Я за гэтыя тыдні паназірала і ўбачыла, што ў нас людзі запужаныя. Маўляў, мая хата з краю.”

Акцыя Любоў Санкевіч на Бангалёры працягнецца да канца гэтага тыдня. Жанчына чакае адказ на свой запыт з адміністрацыі прэзыдэнта. Бабруйчанка спадзяецца, што яе праблемамі нарэшце пацікавяцца прадстаўнікі ўлады, якія да гэтага часу так і не зьявіліся на Бангалёры.

Любоў Санкевіч заявіла, што мяркуе паехаць ў Маскву па дапамогу да Ўладзіміра Пуціна, калі ў Беларусі не можа дамагчыся ўвагі Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG