Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Народная Воля” намагаецца скасаваць папярэджаньне


Любоў Лунёва, Менск У Вышэйшым гаспадарчым судзе рэдакцыя “Народнай Воля” намагаецца скасаваць папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам інфармацыі, за публікацыі двух артыкулаў. Рэдакцыя канстатуе, што супрацоўнікі газэты апошнім часам дзьве траціны працоўнага часу праводзяць не ў рэдакцыі, а ў судовых інстанцыях.

Папярэджаньне Міністэрства інфармацыі складаецца з двух пунктаў. Першы – за артыкул Алеся Сівага “Віртуальная вайна ўнучкі з бабуляй”, другі – за надрукаваны Зварот у падтрымку прадпрымальніка з Ваўкавыску. Яго падпісалі вайскоўцы, якія служылі ў Аўганістане, а таксама Алег Волчак. Насупраць яго прозьвішча было напісана, што ён зьяўляецца лідэрам руху “Абаронцы Айчыны”, незарэгістраванай арганізацыі, што, паводле міністэрства, ёсьць парушэньнем закону.

У першым выпадку міністэрства аргумэнтавала сваю пазыцыю тым, што артыкул выйшаў без дазволу судзьдзі, пасьля вынясеньня прысуду, але да ўступленьня яго ў законную сілу. Рэдакцыя “Народнай Волі” у судзе даказвала, што суд быў адкрыты і журналісты размаўлялі з удзельнікамі працэсу. Рэдакцыя лічыць, што міністэрства прадузята ставіцца да недзяржаўнай газэты. Журналісты ўзгадалі, што канал ОНТ адразу пасьля вынясеньня прысуду ў справе спрэчак газэты з Сяргеем Гайдукевічам, зрабіў аб гэтым рэпартаж. Міністэрства ў выпадку з ОНТ ня ўбачыла ніякага парушэньня закону аб друку.

Аўтар публікацыі Алесь Сівы прысутнічаў на судовым паседжаньні. Ён лічыць, што судовыя справы скіраваныя на тое, каб паралізаваць працу газэты.

(Сівы: ) “Ідзе нейкі ціск на газэту. Наш рэдактар у тры разы болей часу праводзіць у судовых залях, чым у рэдакцыі. Зразумела, што ўсё гэта робіцца нездарма. Нейкім чынам намагаюцца паралізаваць працу рэдакцыі. Журналісты займаюцца не творчай працай, а судовымі спрэчкамі і вырашэньнем пытаньняў, якімі не павінны займацца. Ва ўсялякім выпадку ў газэце ніякай панікі няма. Усе працуюць і толькі гэтым можна даказаць, што газэта жыве і будзе жыць.”

28 чэрвеня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе будзе агучанае рашэньне ў справе абскарджваньня папярэджаньня, якое вынесла Міністэрства інфармацыі газэце “Народная Воля”. Гэта ўжо другое папярэджаньне газэце. Паводле заканадаўства ў выпадку вынясеньня трэцяга папярэджаньня газэту ліквідуюць.
XS
SM
MD
LG