Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Уладзімер Шчасны дэбютуе ў якасьці драматурга


Ігар Карней, Менск Былы амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі Ўладзімер Шчасны напісаў п’есу, прысьвечаную жыцьцю палітыка і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Напярэдадні 240-годзьдзя ад нараджэньня Агінскага спэктакль пад назвай “Фантазія ля-мінор” будзе прэзэнтаваны ў сядзібе Агінскіх у мястэчку Залесьсе, дзе, як мяркуецца, і быў напісаны знакаміты на ўвесь сьвет палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”.

Днямі група беларускіх навукоўцаў наведала літоўскі горад Рэтаў, музэй гісторыі і культуры роду Агінскіх. Менавіта сюды з Залесься колісь пераехаў сын Міхала Клеафаса, Ірэніюш, і потым ужо адсюль нашчадкі роду Агінскіх разьехаліся па ўсім сьвеце. Сяргей Верамейчык, навуковы супрацоўнік музэю Агінскага ў Залесьсі, мястэчку паміж Маладэчнам і Смаргоньню, апавядае, што сёлета ў Літве стартуе вялікі праект, падтрыманы Эўразьвязам.

(Верамейчык: ) “У гэтым юбілейным годзе (240 гадоў ад нараджэньня Агінскага) адбудзецца Першая міжнародная канфэрэнцыя. Наступныя 10 гадоў канфэрэнцыі будуць праходзіць стала. Эўразьвяз выдаткоўвае на такія культурна-гістарычныя праграмы каля 8 мільёнаў эўра. Канчатковая мэта — зрабіць Рэтаў, дзе жыў сын Агінскага, цэнтрам вывучэньня гісторыі роду Агінскіх; праз гісторыю гэтага роду ўбачыць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і гісторыю Рэчы Паспалітай”.

Спадар Верамейчык кажа, што, перадусім, палітычная аддаленасьць Беларусі ад аб’яднанай Эўропы не дазваляе нават марыць пра падобныя ўкладаньні ў рэстаўрацыю сядзібы Агінскіх у Залесьсі. Між тым, намаганьнямі нараджэнца Смаргоншчыны, былога амбасадара Беларусі ў Вялікай Брытаніі, а цяпер кіраўніка Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЭСКА Ўладзімера Шчаснага, на аднаўленьне гістарычнага ансамблю сродкі хоць не ў такіх памерах, але выдаткоўваюцца.

(Верамейчык: ) “ЮНЭСКА выдаткавала на рэстаўрацыю маёнтка болей за 40 тысяч даляраў. Плянуецца гэтыя грошы ўкласьці ў распрацоўку фундамэнтальнага праекту рэстаўрацыі. Стары праект, які распрацоўваўся, каб прыстасаваць палац Агінскага пад прафілякторый, ужо неактуальны. Таму, пэўна, большасьць гэтых грошай пойдзе на распрацоўку праекту. Прынамсі, ужо прыяжджалі дасьледчыкі, вывучалі стан глебы, капалі шурфы па ўсім пэрымэтры. Ня ведаю наконт тэрмінаў, але грошы пайшлі ў абарот”.

Сам Уладзімер Шчасны не выключае, што факт пільнай увагі да маёнтку Агінскіх з боку ЮНЭСКА вельмі станоўчы. Прынамсі, пасьля таго, як Мірскі замак быў уключаны ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА, замак рэальна быў адноўлены. Паводле Шчаснага, такі ж лёс чакае і Залесьсе.

(Шчасны: ) “Некалькі грантаў зьвязаныя з Залесьсем і імем Агінскага. Перадусім, у Залесьсі была праведзеная канфэрэнцыя “Гістарычныя сядзібы Беларусі”; грошы пайшлі таксама на невялікую экспазыцыю. Такім чынам, пачалі патрохі рэанімаваць маёнтак. Цяпер выдаткавана ад ЮНЭСКА 25 тысяч даляраў дзеля неадкладных працаў у справе захаваньня маёнтка, але пераважна грошы пойдуць на падрыхтоўку дакумэнтацыі. Невялікая частка ад сумы пойдзе на выданьне кнігі “Гены Агінскага” — яе напісаў прапраўнук Агінскага Іва Зулускі, які жыве ў Вялікай Брытаніі”.

На 30 ліпеня ў Залесьсі заплянаваная прэм’ера спэктаклю “Фантазія ля-мінор” у пастаноўцы Маладэчанскага абласного драмтэатру. Аўтар п’есы — Уладзімер Шчасны. Праўда, каб занадта не афішаваць свайго прозьвішча, спадар Шчасны выступае пад псэўданімам як Уладзімер Драздоў.

(Шчасны: ) “У Маладэчне прэм’ера адбудзецца 22 ліпеня, а 30 ліпеня — у Залесьсі. Спэктакль будзе ісьці на дзьвюх сцэнах, у двух варыянтах. У “маштабным” у Маладэчне будзе занятая ўся трупа. І ў адпаведнасьці з памерам залі ў Залесьсі спэктакль будзе ня тое што ў скарочаным варыянце, але зь меньшай колькасьцю выканаўцаў. Думаю, што ён будзе ўвесь час ісьці, бо адной з мэтаў праекту ёсьць аднаўленьне сядзібнага тэатру ў Беларусі”.



На здымках: 1. Навуковы супрацоўнік музэйнага комплексу Сяргей Верамейчык. 2. Так цяпер выглядае “закансэрваваны” да лепшых часоў маёнтак Агінскіх у Залесьсі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG