Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашук: “Быкаў быў нацыяналіст і змагар, і таму яго баяліся ўлады"


Поўны тэкст інтэрвію Аляксандра Лукашука газэце "Народная Воля" з нагоды выхаду кнігі "Быкаў на Свабодзе" Год таму, напярэдадні першай гадавіны сьмерці Васіля Быкава, выйшаў у сьвет першы зборнік радыёпублiцыстыкi клясыка беларускай літаратуры "Быкаў на Свабодзе". Беларуская служба Радыё Свабода таксама выпусьціла аднайменны кампакт-дыск, дзе сабраныя знакавыя выказваньні Быкава пра нацыянальную дзяржаву і дэмакратыю, творчасьць і родную мову, вайну і таталітарызм, а таксама фрагмэнты з твораў, якія чытае сам аўтар. Гэтымі днямі пабачыла сьвет другое дапоўненае выданьне. Марына Коктыш гутарыць з Аляксандрам Лукашуком – аўтарам прадмовы, інтэрвію і ўспамінаў, зьмешчаных у кнізе.

(Коктыш: ) “Што новага ў другім выданьні?”

(Лукашук: ) “Кніга павялічылася на чвэрць. У архівах рэдакцыі “Свабоды” мы знайшлі запісы, якія ня трапілі ў першае выданьне. Таксама дадаліся тры вялікія часткі – лісты Быкава на “Свабоду”, успаміны пра ягонае жыцьцё ў Празе і некаторыя акалічнасьці гісторыі хваробы Быкава.

(Коктыш: ) “У новай кнізе асабіста мне вельмі спадабаліся Вашыя ўспаміны-мініятуры пра Быкава і ягоную жонку. Якія старонкі, разьдзелы другога выданьня кнігі Вам самому падаюцца найбольш каштоўнымі, цікавымі?

(Лукашук: ) “Цікавае найперш тое, што гаворыць сам Быкаў – у інтэрвію, лістах, гутарках. Моцнае ўражаньне пакідаюць яго спантанныя адказы на “анкету Дастаеўскага”. Цікавая эвалюцыя ацэнак. Напрыклад, у 1993 годзе, калі я папрасіў яго адказаць на пытаньні той анкеты, і там быў пункт пра шчасьце. Быкаў адказаў у арыстотэлевай традыцыі: “Шчасьце, мне думаецца, тое, што такім уяўляецца, хоць зусім неабавязкова яму быць сапраўдным шчасьцем. Але калі чалавеку здаецца, што гэта яго шчасьце – то, значыць, яно для гэтага чалавека і зьяўляецца вось іменна тым, чым яму ўяўляецца”. А вось амаль празь дзесяць год у кнізе “Шчыра, як на духу” адказ, які можна лічыць квінтэсэнцыяй сьветаадчуваньня пісьменьніка: “Шчасьце – адсутнасьць няшчасьця”.

(Коктыш: ) “Наклад першага выданьня кнігі “Быкаў на Свабодзе”, як вядома, разышоўся імгненна. Але разышоўся сярод даволі вузкага кола прадстаўнікоў эліты, дэмакратычнай грамадзкасьці. Вы не задумваліся над тым, каб праца "Свабоды" пайшла больш шырокім колам? Дарэчы, сярод каго плянуецца распаўсюдзіць тыраж гэтай кнігі? Ці дойдзе ён да рэгіёнаў?”

(Лукашук: ) “Мы памятаем, як разьляталіся і стотысячныя наклады Быкава. Людзей, якіх ён цікавіць, вядома, нашмат больш, чым выдадзеных асобнікаў. Для нас гэта перш за ўсё дакумэнтальна-культурніцкае выданьне, мэмарыялізацыя ўнікальных адносінаў Быкава і “Свабоды”. Гэтае выданьне, як і першае, можна пачытаць у некаторых бібліятэках. Абедзьве кнігі цалкам выстаўленыя ў Інтэрнэце на сайце www.svaboda.org. Дарэчы, сам Быкаў у апошнія свае гады прачытаў шмат кніг менавіта такім дэмакратычным спосабам – праз раздрукоўкі з Інтэрнэту”.

(Коктыш: ) “Зразумела, што Быкаў – гэта несувымерная велічыня, постаць. Але ж на “Свабодзе” былі і іншыя цікавыя людзі, іншыя дыялёгі, пісьменьнікі. Чаму б не выдаць кнігі пад умоўнай назвай “Найлепшыя на “Свабодзе”?

(Лукашук: ) “За апошнія тры гады мы выдалі восем кніг у сэрыі “Бібліятэка “Свабоды”: “Верш на “Свабоду” па-беларуску і ў перакладзе на ангельскую, кнігу аднаго рэпартажу “Дарога праз Курапаты”, вясёлую кнігу “Дуліна ад Барадуліна”, эсэ Сяргея Дубаўца “Вострая Брама”, дасьледаваньне “Прыгоды АРА ў Беларусі”, якое друкавала “Народная Воля”, і два тамы Быкава. Ёсьць іншыя пляны, наш крытэр – павінна быць “дадзеная вартасьць”, унікальнасьць выданьня”.

(Коктыш: ) “Пытаньне, якое Вы самі некалі задавалі Быкаву. Лічыцца, што для пісьменьніка, для чалавека творчага пакуты – гэта частка прафэсіі. Нават ёсьць меркаваньне, што трэба пакутаваць, трэба цярпець... Як Вы лічыце, той нэгатыў, які цярпеў Быкаў ад беларускай улады, якая яго зьневажала, меў нейкі станоўчы вынік для яго як для чалавека, які піша?”

(Лукашук: ) “Не. Ніякага станоўчага эфэкту ад гэтага ваўчынага вою не было, і Быкаву гэта каштавала некалькіх гадоў жыцьця і кніжак. Што да пакутнага вопыту, дык Быкаў зь дзяцінства нацярпеўся такога голаду, галечы, бяспраўя, што хапіла б на некалькіх “дастаеўскіх”. Уяўляеце пачуцьці вясковага хлапчука, на вачах якога арыштоўваюць “шпіёна” – дырэктара ягонай школкі, які перад тым падараваў малому першыя галёшы. А потым вайна... Дзіва, як Быкаў змог увогуле выжыць, захаваць і разьвіць свой талент”.

(Коктыш: ) “На Ваш погляд, ці разумеюць некаторыя чыноўнікі, што калі-небудзь ім прыйдзецца адказваць за сваё стаўленьне да Быкава? Ці можна прадказаць, як яны будуць сябе паводзіць?”

(Лукашук: ) “Вы аптымістка”.

(Коктыш: ) “Вы добра ведаеце пайменна ўсіх тых, хто цкаваў Быкава. Ня думаеце скласьці сьпіс гэтых асобаў? Каб пра гэта ведалі іх дзеці, унукі, праўнукі...”

(Лукашук: ) “Гэтыя імёны ўжо названыя ў розных публікацыях, у тым ліку ў зборніку ўспамінаў “Наш Быкаў”, у свабодаўскім выданьні, яны гучалі ў перадачах – гэта зроблена. Я Вам раскажу адзін выпадак. Неяк, празь некалькі месяцаў пасьля пахаваньня Быкава, я быў у Менску і пайшоў зь сябрам у басэйн. І вось раптам мне сябар паказвае на нейкага старога з абвіслай гусінай скурай, бліскучым чэрапам, і называе імя аднаго з даўніх уплывовых ворагаў Быкава. У мяне мільганула была адна празрыстая думка, але потым я падумаў – а што сказаў бы Быкаў?..”

(Коктыш: ) “Пэўна, Вы ведаеце, што нядаўна ў Менску зьявіўся праспэкт газэты “Звязда”. Але дагэтуль няма вуліцы Быкава. Як Вы гэта можаце патлумачыць?”

(Лукашук: ) “Дзікунства і страх кіраўніцтва. Я памятаю, як падчас пахаваньня, калі родныя Васіля Ўладзімеравіча адмовіліся зьняць бел-чырвона-белы сьцяг з труны, кіраўнік пахавальнай дзяржкамісіі ўцякаў з залі і сумятліва тлумачыў: “Пайміце, я не магу тут заставацца з гэтым сьцягам, я дзяржаўная асоба...” Як чорт ад ладану”.

(Коктыш: ) “Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулiн мае намер выдаць поўны збор твораў Васіля Быкава. Як Вы ставіцеся да гэтай ідэі?”

(Лукашук: ) “Патрабуецца поўнае акадэмічнае выданьне з адпаведным навуковым апаратам, тэксталягічнай падрыхтоўкай, скрупулёзным зборам усяго, зробленага і апублікаванага аўтарам у Беларусі і за мяжой. Гэта складаная і доўгатэрміновая задача, якая вымагае прафэсійнага падыходу”.

(Коктыш: ) “Як можна імя Быкава паўнавартасна скарыстаць для пераменаў у беларускім грамадзтве? І ці трэба гэта рабіць?”

(Лукашук: ) “Быкаў заўсёды спрабаваў дапамагчы пераменам як толькі мог – і асабістым удзелам у мітынгах, і сяброўствам у палітычных і грамадзкіх арганізацыях, і публічнай дыпляматыяй падчас сустрэчаў з палітыкамі за мяжой, і сваёй публіцыстыкай – згадайце хаця б яго заклік да супраціву падчас камуністычнага путчу 1991 году. Быкаў быў нацыяналіст і змагар, і менавіта таму яго баяліся ўлады. Сёньня сваімі творамі Быкаў працягвае тое, што рабіў пры жыцьці. Я хачу скарыстаць гэтую нагоду і напомніць ягоны апошні запавет перад сьмерцю, у апошнім інтэрвію “Свабодзе”: “Усімі даступнымі спосабамі трэба змагацца за родную мову”.

(Коктыш: ) “Цяжкае пытаньне, але... На Ваш погляд, каму зь сёньняшніх палітычных лідэраў Быкаў аддаў бы перавагу, калі б быў жывы?”

(Лукашук: ) “Быкаў з павагай ставіўся да беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Ён падтрымліваў усіх, хто шанаваў незалежнасьць, нацыянальную культуру і, натуральна, дэмакратыю. Тыя, хто за гэта змагаецца, заўсёды могуць сказаць: “Быкаў – з намі!”
XS
SM
MD
LG