Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску падвышаецца кошт квіткоў на праезд у грамадзкім транспарце


Юлія Шарова, Менск Адзін стандартны талёнчык будзе каштаваць 400 рублёў. У абласных ды раённых цэнтрах пра падвышэньне тарыфаў на транспарт пакуль што не гавораць, але звычайна ўлады іншых гарадоў прымаюць адпаведныя рашэньні цягам месяца пасьля таго, як цэны на талёнчыкі падвышаюцца ў сталіцы.

Тлумачыцца чарговае падвышэньне тарыфаў на праезд у грамадзкім транспарце ўжо звыкла: пасажыры аплачваюць меней за палову ад рэальнага кошту праезду. Нават цяпер, калі адзін стандартны талёнчык ці жэтон у мэтро будзе каштаваць 400 рублёў, атрымліваецца, што гэта ўсяго 45 адсоткаў ад той цаны, якую насамрэч трэба выстаўляць. Між тым у сёлетнім бюджэце краіны закладзена, што пасажыры мусяць аплачваць ужо 60 адсоткаў ад сапраўднага кошту перавозкі.

Такім чынам, ад заўтра льготны праезд у менскіх аўтобусах, тралейбусах, трамваях ці ў мэтро будзе каштаваць 200 рублёў. У аўтобусах экспрэсных маршрутаў – 800 рублёў. Кіроўцы будуць прадаваць талёнчыкі за 450 рублёў. У абласных цэнтрах на сёньня кошт аднаго нармальнага квітка складае 280 рублёў, ільготнага – 140, а ў кіроўцы квіткі можна набыць за 300 рублёў.

Апошнім разам квіткі ў Менску даражэлі ў леташнім лістападзе. Менчукі ад імклівага росту тарыфаў на транспарт адвыклі. Цяперашняе падвышэньне кошту яны ўвогуле ўспрымаюць спакойна. Аднак далёка ня ўсе мае суразмоўцы, зь якімі я гутарыла на аўтобусных прыпынках ды ў пераходах мэтро, лічаць рашэньне гарадзкіх уладаў абгрунтаваным.

(Спадарыня: ) "Я ежджу на асабістым транспарце, таму, напэўна, я пра гэта ня ведаю. Але ўвогуле, канечне ж, ня вельмі добра".

(Другая спадарыня: ) "Я транспартам пакуль практычна не карыстаюся, я працую недалёка ад дому, хаджу пешшу, таму для мяне гэта вялікай стратай ня будзе. Але, можа, гэта апраўданае падвышэньне?"

(Спадарыня: ) "Я мала ежджу ў грамадзкім транспарце, я на пэнсіі. Але, вядома, складаней робіцца з кожным днём".

(Спадар: ) "Гэта яшчэ заніжаная цана, калі шчыра".

(Другі спадар: ) "Пытаньне эканамічнае. Напэўна, гэта трэба рабіць".

(Хлопец: ) "Дарагавата. Для студэнтаў задорага".

(Спадар: ) "Я думаю, крыху задорага".

(Другі спадар: ) "Нармальна, нават лягчэй лічыць грошы будзе".

(Дзяўчына: ) "Занадта хутка, напэўна. Нядаўна ж падвышалі".

А вось што мне сказаў адзін спадар, зь якім я пагутарыла на стаянцы маршрутных таксовак:

(Мінак:) "Вось бачыце, ходзяць нейкія аўтобусікі жоўценькія. У іх тарыф, па-мойму, 500 рублёў, і ў іх камфорт. А ў нашых аўтобусах – яшчэ на праспэкце якія, там ёсьць нейкая ўтульнасьць, а ў тых, што ў спальных раёнах, там нямытыя аўтобусы, нячышчаныя. Таму варта было б гарвыканкаму зьвярнуць увагу на гэта".

Праезд у маршрутных таксоўках да аддаленых спальных раёнаў сталіцы сапраўды каштуе 500 – 600 рублёў. А даехаць, напрыклад, ад Камароўкі да Ждановічаў на маршрутцы будзе каштаваць крыху больш за 1000 рублёў. Аўтобус экспрэс-маршруту ад Акадэміі навук да тых самых Ждановічаў давязе пасажыра за 800 рублёў. Але гэта будзе няхутка й сапраўды недастаткова камфортна, асабліва ў выходны дзень.
XS
SM
MD
LG