Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У экалягічнай сыстэме Беларусі пашыраецца міні-катастрофа


Вячаслаў Кулік, Менск Беларускія заолягі заяўляюць пра імклівае зьмяншэньне ў краіне некаторых відаў сысуноў і птушак. Паводле экспэртаў, экалягічную міні-катастрофу выклікалі жывёлы, раней завезеныя і выпушчаныя ў Беларусі для ўзбагачэньня паляўнічай фаўны

Перадусім эколягі называюць янотападобнага сабаку і амэрыканскую норку. У мінулыя гады хрушчоўскіх экспэрымэнтаў гэтыя зьвяркі былі завезеныя ў Бярэзінскі запаведнік, а таксама ў некаторыя раёны Менскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласьцей. Плянавалася, што ў СССР стане больш футра. Цяпер, аднак, іншая мода і няма ахвотнікаў паляваць на гэтую дзічыну. Між тым, янотападобны сабака мае некалькі вывадкаў за год і кожны прыплод дае 10-15 шчанюкоў. Амэрыканская норка, альбо, па-іншаму, “вадзяныя янкі” таксама выдатна множыцца, бо па сутнасьці ня мае сабе ворагаў на берагавой лініі вадасховішчаў. Гэта інфармацыя экспэрта ў пытаньнях біяразнастайнасьці Аляксандра Вінчэўскага і вось якія ў яго прапановы.

(Вінчэўскі: ) “Іх трэба зьнішчыць увогуле, абодва гэтыя віды. У Амэрыцы зараз мільёны даляраў трацяць, каб зьнішчыць усе чужародныя віды, якія былі завезеныя ў свой час. Вельмі вялікая шкода ад іх. Ад амэрыканскай норкі зьнікла практычна эўрапейская норка, якая зараз занесеная ў Міжнародную Чырвоную кнігу. Акрамя гэтага, амэрыканская норка выцясніла тхара з лясной экасыстэмы і з-за яе зьнікае беларускі гарнастай. Яшчэ яна практычна паядае вадзяную палёўку, на якой жывуць совы і іншыя драпежныя птушкі Беларусі".

Грунтоўныя дасьледаваньні аб шкодзе янотападобнага сабакі ёсьць у Інстытуце заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. Спэцыялісты канстатуюць, што зьвярок зьядае яйкі і вывадкі глушцоў, цецерукоў, курапатак, рабчыкаў і ўсіх астатніх наземнагняздуючых птушак. У Міністэрстве прыродных рэсурсаў паведамілі, што ўжо практыкуецца прэміяльны адстрэл гэтага драпежніка. Але самі паляўнічыя кажуць, што адзін патрон каштуе даражэй за прэмію. У сваю чаргу выканаўчы дырэктар грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” Аляксандр Вінчэўскі папярэджвае аб пашырэньні катастрафічных вынікаў у экасыстэме.

(Вінчэўскі: ) “У Беларусі яшчэ ніхто не лічыў страты, якія прыносяць катастрофы вялікія і малыя – колькі гэта будзе каштаваць у мільёнах даляраў. Усе экасыстэмы збалянсаваныя. І калі мы завозім нейкі новы від, і ён не зьнікае адразу, яму тут падабаецца, то ён пачынае для сябе будаваць прастору, дзе будзе жыць. Ну вось так, каб у вашу кватэру каго-небудзь пасялілі. Такі чужак пачынае кагосьці зьядаць, выцясьняць. Часам выцясьняе назаўсёды”.

Дарэчы, у Беларусі нядаўна выйшла трэцяе выданьне Нацыянальнай Чырвонай кнігі. На яе старонкі патрапілі яшчэ каля 10 відаў беларускіх жывёл і птушак, якім пагражае поўнае зьнішчэньне.
XS
SM
MD
LG