Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спыніцца рост цэнаў на кватэры?


Іна Студзінская, Менск Цэны на кватэры дасягнулі ў Беларусі астранамічных лічбаў. Мінімальны кошт квадратнага мэтра пры будаўніцтве жытла ў сталіцы дасягнуў 700 даляраў. Маральна і фізычна састарэлыя аднапакаёўкі ў "хрушчоўках" каштуюць ўжо каля 30 тысяч даляраў. Чаму так адбываецца, і ці спыніцца гэты неймаверны рост цэнаў на жытло?

За апошнія пару гадоў цэны на жытло ў сталіцы вырасьлі мінімум удвая. На другасным рынку аднапакаёўка ў панэльцы ў мікрараёне Малінаўка каштуе 32 тысячы, двухпакаёўка – 40, трохпакаёўка – да 50 тысяч даляраў. Гэта пры сярэднім заробку ў краіне каля 200 даляраў! Экспэрты рынку нерухомасьці сьцьвярджаюць, што ў сталіцы жытла катастрафічна не хапае. У Менгарвыканкаме ў чарзе стаіць 142 тысячы сем''яў. Яшчэ прыкладна столькі ж тых, у каго плошчы на 2 – 3 мэтры больш за санітарную норму і каго праз гэта ня ставяць у чаргу. Такім чынам, можна гаварыць пра 250 тысяч сем''яў, якім востра неабходнае жытло.

Старшыня Рады Беларускай асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў прывёў такія лічбы:

(Прасталупаў: ) "У горадзе будуецца парадку 10 тысяч кватэр у год. Калі замарозіць сытуацыю, то за 25 гадоў з такімі тэмпамі будаўніцтва можна вырашыць праблему сёньняшняга дня. Але праз 25 гадоў гэтая праблема будзе ў шмат разоў вастрэйшая. Кватэр будуецца катастрафічна недастаткова".

Звонку выглядае, што будуюць у сталіцы шмат. За паўгоду адрапартавалі, што здалі ўжо каля 600 тысяч квадратных мэтраў. Экспэрт рынку нерухомасьці Мікалай Прасталупаў зноў жа апэруе лічбамі:

(Прасталупаў: ) "Сюды ўключаецца ўсё. Пабудавалі 10 катэджаў па 300 квадратных мэтраў – гэта 3 тысячы квадратаў. Горад уключае ў статыстыку. А 3 тысячы квадратаў – гэта як быццам 60 кватэр. Але гэта ня 60 кватэр! Вось вам гульня лічбамі. Там усё ўключана: і рэканструкцыя жылых дамоў, пабудова катэджаў. Таму цяпер трэба рэзка, разы ў тры павялічваць аб''ёмы будаўніцтва. Інакш праблема ня вырашыцца цягам найбліжэйшых гадоў, і цэны не ўпадуць".

Ільвіная доля жытла ў сталіцы будуецца МАПІДам – камбінатам індустрыяльнага домабудаваньня. Але ад гэтага году фізычныя асобы ня могуць пабудаваць кватэры на камэрцыйнай аснове праз МАПІД. У прадпрыемства вялікі дзяржзаказ, зямлёй распараджаецца Менгарвыканкам, і МАПІД выконвае цяпер толькі гэты дзяржзаказ. Магчымасьць пабудаваць кватэру па прымальных цэнах мае толькі той, хто ўстаў у тую саму чаргу да 1991 году. Гэта 142 тысячы сем''яў. Усім астатнім прапануюць купляць кватэру на рынку другаснага жытла альбо будаваць жытло праз камэрцыйныя структуры. А там цэны – ад 700 да 1500 тысяч даляраў за квадратны мэтар. І яшчэ адзін парадокс. Натуральна, жытло ў сталіцы паўсюль крыху даражэйшае, чым на пэрыфэрыі. Але ў Беларусі гэта розьніца ажно ў два з паловай – тры разы. У Бабруйску квадратны мэтар каштуе 300 даляраў, ў Менску – ад 700 да 1500 даляраў. Чаму? Гэтае рытарычнае пытаньне задае нават намесьнік старшыні камісіі ў пытаньнях бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол:

(Хрол: ) “Што там – іншая дзяржава, іншая цана на энэргарэсурсы, іншыя расцэнкі на транспартныя выдаткі, іншыя каэфіцыенты? Цэны на будаўніцтва растуць не па днях, а па гадзінах – 20 - 25 % у квартал. Гэта што –дзяржаўная палітыка ў галіне задавальненьня жыльлёвых запатрабаваньняў грамадзянаў?”

Такім чынам, калі рэзка не павялічацца тэмпы будаўніцтва і колькасьць будаванага жытла, цэны на кватэры ня зьнізяцца, прагназуюць адмыслоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG