Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паболее ў крамах "duty-free" беларускіх алькагольных напояў і цыгарэтаў?


Уладзімер Глод, Менск Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадзяюцца, што ў хуткім часе гэта стане так. Яны зьвярнуліся да кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага з патрабаваньнем абараніць беларускіх вытворцаў алькаголю й тытуню. Цяпер беларускія вытворцы, у адрозьненьне ад замежных, плацяць ускосныя падаткі – ПДВ і акцыз. Якія пэрспэктывы могуць быць у гэтай справе?

Мабыць, пачынаць трэба зь лічбаў. Яны цікавыя й красамоўныя. На тэрыторыі Беларусі існуюць аж 52 крамы беспадатковага гандлю. Паводле зьвестак канцэрну "Белдзяржхарчпрам", за два апошнія гады ў іх было прададзена алькаголю на 43 мільёны даляраў. А вось доля айчынных напояў склала ўсяго 0,2 адсотка ад агульнага аб''ёму продажу. Дэпутат Віктар Кучынскі, які спадзяецца, што новы парадак значна павялічыць дзяржаўны бюджэт, так тлумачыць такую велізарную дыспрапорцыю:

(Кучынскі: ) "Нашыя беларускія прадпрыемствы, якія пастаўляюць туды сваю прадукцыю, павінны выплачваць падаткі на даданую вартасьць і акцыз, чаго ня робяць замежныя кампаніі, якія дастаўляюць туды сваю прадукцыю. Неабходна стварыць аднолькавыя ўмовы для таго, каб прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў стала канкурэнтаздольнай".

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што ўмовы для айчынных і замежных тавараў у гэтых адмысловых крамах павінны быць аднолькавыя:

(Раманчук:) "Duty-free" – гэта такая сыстэма гандлю, дзе тавары прадаюцца на вываз. Таму лягічна, каб беларускія тавары, якія там прадаюцца, былі "ачышчаныя" ад падаткаў. Але той факт, што такіх мэханізмаў да гэтага часу няма, сьведчыць пра тое, што Беларусь не падрыхтаваная да цывілізаванага вяртаньня падатку на даданую вартасьць, які абавязвае ў іншых краінах. Тое, што беларускія грамадзяне й госьці ня могуць карыстацца гэтым мэханізмам, акурат сьведчыць пра тое, што наш урад за столькі гадоў не стварыў адпаведнай інфраструктуры для гандлю беларускімі вырабамі".

Заўважана, што ў крамах "duty-free" перавага аддаецца ў першую чаргу ўсясьветна вядомым маркам, а ўжо пасьля нацыянальным. Хаця, калі вяртаесься зь нейкай больш-менш экзатычнай краіны, тады, бадай, больш цікавісься менавіта мясцовымі вырабамі. Але, ясна, відаць, што бальшыня наведнікаў згаданых крамаў арыентуецца на даўно раскручаныя брэнды. І вось што кажа пра гэта спадар Раманчук:

(Раманчук:) "Ува ўсім сьвеце асартымэнт крамаў "duty-free" прыкладна аднолькавы. Скажам, у Літве, Польшчы ці Расеі няшмат уласных вырабаў. Каб трапіць у гэтую сетку, трэба перадусім мець усясьветную марку, раскручаны брэнд, які карыстаецца папулярнасьцю ў людзей, якія многа езьдзяць па сьвеце. Беларускіх такіх брэндаў я прыгадаць не магу. Таму, каб дайсьці да 50 на 50 у "duty-free", нам трэба прайсьці яшчэ празь вельмі шмат эканамічных рэформаў і фармаваньне нацыянальных брэндаў. А гэта працэс, які зойме не адзін дзясятак гадоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG