Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Ірану: фундамэнтам палітыкі Тэгерану будзе мірнае суіснаваньне


ТЭГЕРАН. “Фундамэнтам новай палітыкі Ірану будзе мірнае суіснаваньне, але Іран ня бачыць неабходнасьці аднаўляць дачыненьні з ЗША, спыненыя ў 1979 годзе”, – заявіў у нядзелю ў Тэгеране абраны напярэдадні прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадынэджад. Перад тым як наведаць магілу духоўнага лідэра ісламскай рэвалюцыі аяталы Хамэйні, Ахмадынэджад заявіў журналістам: “Мы павінны паціснуць адзін аднаму рукі і разам будаваць нашую краіну. Яна у нас адна. Усе мы – вялікая сям’я. Я з прыемнасьцю пацісну руку тым, хто шчыра хоча працаваць на карысьць нашага дарагога Ірану. Я зьвяртаюся да ўсіх – час суперніцтва мінуў, надышоў час сяброўства. Наш урад будзе ўрадам любові, дабра і працы”.

Раней сёньня прадстаўнік МЗС Ірану Хамід Рэза абвясьціў, што Тэгеран будзе працягваць перамовы з Эўразьвязам ў пытаньні сваёй ядзернай праграмы.

(Рэза: ) “Перамовы ў пытаньні ядзернай праграмы – гэта частка нашай замежнай палітыкі. І абсалютна натуральна, што зьмена прэзыдэнта ў значнай ступені не паўплывае на гэтую галіну. Мы, як і раней, чакаем, што Эўразьвяз паінфармуе нас пра свае пляны. Мы, вядома ж, хочам дасягнуць дамоўленасьці шляхам перамоваў, але лічым, што трэба забясьпечыць і нашыя правы – перадусім прызнаць нашае права на мірныя ядзерныя распрацоўкі”.

Падстаўнік МЗС Ірану, аднак, падкрэсьліў, што цяпер пазыцыя Тэгерану будзе больш жорсткай у сувязі з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Ахмадынэджада – перакананага кансэрватара.
XS
SM
MD
LG