Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан адмяніў дэпартацыю ўзбэцкіх уцекачоў


БІШКЕК. Улады Кіргізстану адмянілі рашэньне аб дэпартацыі 29 узбэцкіх уцекачоў, якіх афіцыйны Ташкент вінаваціць у арганізацыі хваляваньняў у Андыжане.

Намесьнік міністра замежных справаў Кіргізстану Таалай Кыдыраў паведаміў: “Пастанова аб дачы статусу або адмове ў дачы статусу ўцекача будзе прымацца пасьля кансультацыяў зь ведамствам ААН у пытаньнях уцекачоў. Гэта выразная й адназначная пазыцыя Міністэрства замежных справаў Кіргізстану – у адпаведнасьці зь Міжнароднай канвэнцыяй аб уцекачох, у адпаведнасьці з нашым заканадаўствам, на аснове праведзеных інтэрвію”.

Раней ведамства ААН у пытаньнях уцекачоў выказала глыбокую занепакоенасьць лёсам грамадзянаў Узбэкістану, якія ўцяклі ў Кіргізстан пасьля трагічных травеньскіх падзеяў у Андыжане.

Прадстаўнікі ААН і праваабарончыя арганізацыі лічаць, што ўцекачом у разе дэпартацыі ва Ўзбэкістан пагражаюць катаваньні. У Кіргізстане знаходзіцца каля 500 узбэцкіх уцекачоў.
XS
SM
MD
LG