Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы нумар “фальшывага” “Głosu znad Niemna” трапіць да чытачоў у суботу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Якуб Вольскі заявіў, што польскія ўлады занепакоеныя выданьнем фальшывага “Głosu znad Niemna”. Пра гэта паведаміла радыё "Палёнія". Між тым сёньня выйшаў новы, трэці па ліку фальшывы нумар газэты “Głos znad Niemna”. У сувязі зь яго выхадам кіраўніцтва СПБ накіравала чарговыя заявы ў Кастрычніцкую раённую пракуратуру і ў Кастрычніцкі РАУС Горадні.

Сёньня я размаўляў з дырэктарам абласной друкарні Пятром Мітрафанавым. Ён сказаў: Міністэрства юстыцыі прызнала легітымным старое кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале з Тадэвушам Кручкоўскім, таму друкарня прымае ад яго газэту. Паводле спадара Мітрафанава, "усё як мае быць" і замову прыносяць заўжды на фірмавым блянку.

Галоўны рэдактар “Głosu znad Niemna” Анджэй Пісальнік атрымаў адказ у Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі, што заяву аб друку незаконных нумароў газэты аддалі ўчастковаму.

(Пісальнік: ) “І вось такі букет правапарушэньняў нейкі ўчастковы павінен цяпер разглядаць і даць нам адказ. Гэта папросту зьдзек з нас. Гэта яшчэ раз пераконвае мяне, што за гэтым здарэньнем з “Głos''ам” стаяць альбо спэцслужбы, альбо вельмі высокага ўзроўню ўлады”.

Начальнік упраўленьня друкаваных СМІ Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Матусевіч сказаў Радыё Свабода: "Той, хто лічыць, што было парушана заканадаўства, няхай зьвяртаецца да нас, а мы будзем разьбірацца". Аднак Анджэй Пісальнік некалькі разоў зьвяртаўся ў міністэрства – безвынікова. Паводле рэдактара, усе чыноўнікі спасылаюцца на ліст Мін''юсту, які прызнаў несапраўднымі вынікі апошняга зьезду Саюзу палякаў, дзе было абрана новае кіраўніцтва СПБ. Але спадар Пісальнік зазначае, што ў лісьце Мін''юсту нічога не гаворыцца пра такі напаўлегальны выхад “Głosu znad Niemna”.

Тадэвуш Кручкоўскі сёньня на званкі не адказваў. А адзін зь ягоных паплечнікаў мне сказаў, што нібыта газэту дапамагаюць рабіць у Польшчы. Маўляў, ня ўсе палякі адвярнуліся ад былога старшыні СПБ.

Што да таго, калі падпісчыкі атрымаюць апошні нумар “Głosu znad Niеmna", дык у “Гроднапошце” мне паведамілі, што газэта трапіць у паштовыя скрынкі ў суботу.
XS
SM
MD
LG