Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасдар ЗША адкрыў рэабілітацыйны цэнтар у Тураве, створаны пры дапамозе ўзброеных сілаў ЗША (фотарэпартаж)


Казімер Яноўскі, Тураў Сёньня ў Тураве амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол адкрыў новы рэабілітацыйны цэнтар пры раённым шпіталі.

Мэдычны рэабілітацыйны цэнтар у Тураве створаны пра фінансавай падтрымцы эўрапейскага камандваньня ўзброеных сілаў ЗША. Камандваньне ў якасьці гуманітарнай дапамогі выдаткавала на стварэньне цэнтру 190 тысячаў даляраў.

Адкрываючы рэабілітацыйны цэнтар амбасадар Джордж Крол адзначыў (па-беларуску):

(Крол: ) "Для мяне гэта вялікі гонар прысутнічаць на адкрыцьці Мэдычнага рэабілітацыйнага цэнтру Тураўскай раённай бальніцы. За апошнія дзесяць гадоў такія праграмы гуманітарнай дапамогі сталі візытоўкай эўрапейскага камандваньня. Мы памятаем пра трагічныя наступствы Чарнбыльскай катастрофы. І ўсьведамляем штодзённую патрэбу ў мэдыцынскім абслугоўваньні і рэабілітацыі."

Цягам дзесяці месяцаў за амэрыканскія сродкі будаўнікі зрабілі ўнутраньнюю перапляніроўку корпуса, аднавілі інтэр''ер, устанавілі абсталяваньне для вода-, цепла– і гразелячэньня, масажу, фізіяпрацэдур ды фіталячэньня.

Гаворыць галоўны лекар Тураўскага шпіталю Ірына Сяргейчык

(Сяргейчык: ) "Людзі будуць атрымліваць тыя працэдуры, якія падтрымліваюць стан здароўя чалавека ў цэлым. Людзі будуць мець магчымасьць паправіць сваё здароўе, аднавіць тыя функцыі арганізму, якія былі страчаныя."

Галоўны ўрач Жыткавіцкага мэдычнага аб''яднаньня Канстанцін Грамак у сваю чаргу засьведчыў, што такога цэнтру няма ў ніводным раёне на тэрыторыі Гомельскай вобласьці.

Рэабілітацыйны цэнтар у Тураве – гэта ўжо другі буйнамаштабны праект эўрапейскага камандваньня ўзброеных сілаў ЗША ў рэгіёне.

З 2000 году пачалося аднаўленьне аддзяленьняў шпіталю хуткай дапамогі ў Гомелі. Паводле словаў амбасадара Крола, пачынаючы з 1992 году, амэрыканскі ўрад і прыватныя асобы аказалі Беларусі гуманітарную дапамогу больш як на 500 мільёнаў даляраў.

(Крол: ) "Наша галоўная мэта як ураду Злучаных Штатаў Амэрыкі ў тым, як мы можам пабудаваць найлепшыя адносіны паміж нашымі народамі, у гуманітарнай сфэры, і ў сфэры эканомікі, і ў сфэры палітыкі".

***

Гэта другая буйная гуманітарная акцыя ў Беларусі ад імя камандаваньня ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе за апошні час. Як паведамілі ў амбасадзе ЗША, шпіталь у Друі днямі атрымаў груз гуманітарнай дапамогі коштам 84 тысячы 200 долараў ЗША: ложкі, мэблю, мэдыцынскія прэпараты і абсталяваньне, якія дапамогуць мэдыкам Друі ўзьняць узровень мэдыцынскіх паслугаў.

Праграма гуманітарнай дапамогі камандаваньня ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе ажыцьцяўляецца ў супрацоўніцтве зь Дзярждэпартамэнтам Злучаных Штатаў. Праз гэтую праграму распаўсюджваюцца мэбля, мэдыцынскае абсталяваньне і прэпараты, інструмэнты, генэратары, будаўнічае абсталяваньне, транспартныя сродкі, школьнае абсталяваньне і прылады, а таксама офіснае абсталяваньне. У 2005 фінансавым годзе на фінансаваньне праектаў лішкаў маёмасьці камандаваньня ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе выдзелены 1 мільён долараў ЗША.

Фотарэпартаж









XS
SM
MD
LG