Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: адкрыцьцё мэмарыялаў у Львове


ЛЬВОЎ. Прэзыдэнты Польшчы і Ўкраіны Аляксандр Квасьнеўскі й Віктар Юшчанка ўзялі сёньня ўдзел у цырымоніі адкрыцьця двух мэмарыялаў на Лычакаўскіх могілках у Львове – ваяром Украінскай Галіцкай арміі і польскім вайскоўцам-“арлянятам”.

На так званых могілках "арлягнатаў" пахаваныя каля 3 тысяч польскіх салдатаў, палеглых у баёх за Львоў у 1918 –1920 гадох. Могілкі ўпершыню былі адкрытыя ў 1930-я гады, але за савецкім часам іх зьнішчылі. Пры канцы 1990-х могілкі добраўпарадкавалі, аднак не адкрылі ўрачыста з прычыны ўкраінска-польскіх рознагалосьсяў што да называньня пахаваных.

Прамаўляючы ў часе цырымоніі, Віктар Юшчанка сказаў: “На мой погляд, сумеснае зьяўленьне двух прэзыдэнтаў на Лычакаўскіх могілках сьведчыць, што Ўкраіна й Польшча маюць мужнасьць, каб паглядзець у вочы ўласнай мінуўшчыне. Мы маем дастаткова гонару, каб не перапісваць трагічных старонак гісторыі і дастаткова мудрасьці, каб зрабіць з гэтай гісторыі правільныя высновы”.

У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заявіў, што адкрыцьцё могілак стала магчымым у тым ліку й дзякуючы ўкладу, які Польшча зрабіла ў перамогу “аранжавай рэвалюцыі”.

Сёньняшняя падзея разглядаецца як сымбаль польска-ўкраінскага яднаньня.
XS
SM
MD
LG