Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы спадзяюцца на ратыфікацыю нямецка-беларускага пагадненьня пра ўзаемны догляд за магіламі


Алена Струвэ, Менск Паводле прэзыдэнта Народнага зьвязу Нямеччыны дзеля догляду за магіламі спадара Райнгарда Фюрэра, які цяпер знаходзіцца ў Менску, у гады другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі загінула да 250 тысяч нямецкіх салдатаў. Перазахаваныя зь іх толькі 4 тысячы. Пытаньне адносна ратыфікацыі беларуска-нямецкага міжурадавага пагадненьня пра ўзаемны догляд за магіламі па-ранейшаму застаецца адкрытым.

У Менск прадстаўнікі Народнага зьвязу дзеля догляду магілаў прыехалі разам з групай нямецкіх журналістаў. Дэлегацыя наведае існыя месцы пахаваньняў. Заўтра ў горадзе Бяроза, што на Берасьцейшчыне, у раёне колішніх баёў адбудзецца эксгумацыя парэшткаў нямецкіх вайскоўцаў, закладка новых могілак. Нямецкія пахаваньні выглядаюць вельмі сьціпла — група маленькіх крыжоў і стэла, на якой выбітыя імёны і прозьвішчы.

У размове са “Свабодай” прадстаўнік Народнага зьвязу ў Менску Хартмут Вінтэрфэльд паведаміў, што арганізацыя надае надзвычайную важнасьць асьвятленьню гэтае падзеі ў мэдыях:

(Вінтэрфэльд: ) “Наш суайчыньнік убачыць і падумае: ага, гэта ў Беларусі, тут загінуў мой бацька, і сюды, у мясцовае аддзяленьне арганізацыі я змагу зьвярнуцца са сваім запытам”.

Штогоду ў Народны зьвяз Нямеччыны паступае каля 30 тысяч такіх запытаў. Журналістка нямецкай тэлевізіі MDR Катрын Цапэ, якая знаёмая са многімі нямецкімі сем’ямі, чые сваякі загінулі ў Беларусі, гаворыць:

(Цапэ: ) “Для кожнага чалавека — немца, беларуса, расейца — вельмі важна ведаць, хто ягоныя бацькі і дзе яны пахаваныя. Гэта частка сьвядомасьці кожнага нармальнага чалавека, інакш ён проста ня зможа жыць... Вядома, што тут у Беларусі ў час вайны загінуў прынамсі кожны чацьверты ад рук немцаў. Канечне, гэтым людзям. якія жывуць тут, складана зразумець, што нямецкі салдат — гэта таксама ахвяра вайны, што ён таксама мае права на пахаваньне. Безумоўна, што ўсе тыя жахі, якія зрабілі тут мае суайчыньнікі, яны жывуць сярод беларусаў. І ў гэтым сэнсе тут усё больш складана, чым нават у Расеі. Як з гэтае прычыны, так і з-за вядомай дзяржаўнай палітыкі. Узровень дачыненьняў паміж Нямеччынай і Беларусьсю іншы. З-за гэтага было шмат праблемаў. Але праца, як я ведаю, пачалася, і яна працягваецца”.

Паводле кіраўніцтва Народнага зьвязу Нямеччыны, Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай, дзе пытаньне ратыфікацыі пагадненьня пра ўзаемны догляд магілаў застаецца адкрытым. Старшыня зьвязу Райнгард Фюрэр лічыць:

(Фюрэр: ) “Мяркую, што для ратыфікацыі пагадненьня беларускім парлямэнтам спатрэбіцца некаторы час. Аднак і бяз гэтага пагадненьня мы маем магчымасьць працаваць на тэрыторыі Беларусі і задаволеныя гэтымі ўмовамі”.

Прадстаўнік Народнага зьвязу Хартмут Вінтэрфэльд дадае:

(Вінтэрфэльд: ) “Дамовы заключаюцца цяпер на двухбаковым узроўні: паміж мясцовай адміністрацыяй раёну і нашым саюзам. Вядома, у гэтым кірунку назіраецца пэўны прагрэс. Мы можам рабіць тое, што робім у іншых краінах. Іншая справа, што па часе ўсё цягнецца больш марудна”.
XS
SM
MD
LG