Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмуары пра Быкава зьявіліся на старонках часопіса “Дзеяслоў”


Валянціна Аксак, Менск Перапіска Васіля Быкава з дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком, успаміны пра Быкава Сяргея Абламейкі, гутарка з Быкавым расейскага тэлежурналіста Ўладзімера Малчанава і працяг аўтабіяграфічнага раману самога пісьменьніка “Пункціры жыцьця” — усё гэта і многае іншае чытачы знойдуць на старонках новага, 16-га нумару незалежнага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў” (www.dziejaslou.by).

Мэмуарыстыка выгадна вылучае гэты нумар “Дзеяслову”, хаця прыхільнікі прыгожага пісьменства не прамінуць публікацыяў новых вершаў Васіля Зуёнка, Міхася Скоблы, Віктара Сьлінко, Соф’і Шах, Паўла Зьмітрука, а таксама новых празаічных твораў, у тым ліку і апавяданьне “Фанцік” Ўладзімера Някляева.

Знаны паэт усё часьцей цяпер зьвяртаецца да бэлетрыстычных жанраў, хаця чытачы і ад яго як ад чалавека, добра абазнанага ў рэаліях найноўшае беларускай гісторыі, чакаюць успамінаў пра знакавых пэрсонаў сучаснае дзяржаўнае сцэны. Ці апраўдаюцца чытацкія спадзевы прачытаць расповеды Някляева пра закулісьсе беларускага палітычнага бамонду? Вось што адказаў паэт на гэтае пытаньне:

(Някляеў: ) “У клясе восьмай ці дзявятай напісаў такі сшытак… Я яго напісаў неяк вясной, прайшло лета, я яго прачытаў і ўбачыў сябе… Ну, проста я — анёл… І я зразумеў, што гэта вельмі небясьпечны жанр літаратуры”.

Тым ня менш, спадар Някляеў прызнаўся, што пачаў пісаць свае ўспаміны і ў найноўшы час, хоць пры жыцьці не зьбіраецца іх друкаваць. І патлумачыў, чаму:

(Някляеў: ) “Але час ідзе, і паступова зьяўляюцца запісы такога асабістага кшталту, але іх я ніколі, пакуль жывы, ня стану друкаваць. Бо гэта лічу непрыстойным — друкаваць мае думкі пра асобных людзей. А ці такія яны папраўдзе ёсьць насамрэч, гэтыя людзі, я ж ня ведаю, як кожны з нас ня ведае ня тое што пра іншага, ня ведае пра сябе. Складаная, карацей, гэтая штуковіна — мэмуары…”

Да сказанага спадар Някляеў дадаў, што выключэньне з гэтага свайго правіла робіць толькі згаджаючыся на публікацыю ўспамінаў пра тых, каго ўжо няма сярод жывых. Так, у кнізе “Наш Быкаў” летась зьявіліся і ягоныя згадкі пра асабістыя стасункі з Васілём Уладзімеравічам.
XS
SM
MD
LG