Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава абавязвае турфірмы разьвіваць уязны турызм


Ігар Карней, Менск Ад 1 ліпеня ў многіх беларускіх турфірмаў могуць узьнікнуць праблемы ў зьвязку з дадатковымі патрабаваньнямі Савету міністраў і Міністэрства спорту і турызму. Абавязковай умовай атрыманьня ліцэнзыі будзе дакумэнтальная гарантыя з боку турфірмаў разьвіваць уязны турызм.

На практыцы гэта азначае дамоўленасьці з замежнымі юрыдычнымі асобамі, якія будуць адпраўляць у Беларусь турыстаў. У Беларусі ліцэнзіі на аказаньне турыстычных паслугаў маюць больш за 700 юрыдычных і фізычных асобаў. Аднак маніторынг дзейнасьці турапэратараў засьведчыў, што ў найлепшым выпадку толькі кожны дзесяты з гэтага сьпісу можа забясьпечыць мінімальныя ўмовы прыёму замежнікаў.

У зьвязку з новымі патрабаваньнямі, да 1 жніўня 2005 году ўсе ўдзельнікі турыстычнага рынку мусяць зьвярнуцца ў Міністэрства спорту і турызму дзеля зьменаў у ліцэнзіях. Згодна з патрабаваньнем Саўміну, які, у сваю чаргу, дзейнічае на падставе пратаколу даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі, дадатак мае на ўвазе арганізацыю ўязнога турызму. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў у акрэсьлены тэрмін, міністэрства пагражае ануляваньнем ліцэнзіі. Мяркуючы па ўсім, такая пэрспэктыва пагражае многім.

(Супрацоўніца турфірмы: ) “Толькі ад таго, што падпісаная дамова, замежнікі сюды не паедуць. Для адпачынку неабходная нейкая база, умовы, зусім не такія, якія існуюць цяпер у беларускіх “здраўніцах”. Да таго ж, надвор’е, прабачце, у нас якое! Гаварыць пра турызм у Беларусі можна толькі з удакладненьнем “экстрэмальны”. Я, прынамсі, ня бачыла, каб замежнікі езьдзілі на Нарач, на Нёман у нашыя санаторыі. Якія базы, які прыём?”

Як лічыць спартовы функцыянэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Хандогін, адной з базаў прыёму мог бы стаць комплекс “Раўбічы”. Сам Хандогін доўга быў там кіраўніком і перакананы: пры пэўных інвэстыцыях разьмешчаныя ў выдатным месцы і недалёка ад Менску “Раўбічы” маглі б стаць цэнтрам прыёму наведнікаў.

(Хандогін: ) “Хацелася б адразу пабудаваць камунізм у тых жа, асобна ўзятых, Раўбічах. Каб усё тут было – і для тых, хто адпачывае, і для спартоўцаў. І каб яшчэ засталіся грошы на разьвіцьцё. Таму неабходна прыцягваць інвэстараў. Трэба сказаць, інвэстары ёсьць, але ім неабходныя адпаведныя ўмовы, для іх прывабныя. Мы некалькі гадоў працуем над стварэньнем праекту свабоднай эканамічнай зоны турысцкай скіраванасьці, бо само жыцьцё паказала, што трэба на гэта абавязкова выходзіць”.

Больш акрэсьленыя пэрспэктывы ў фірмаў, якія культывуюць зімовы турызм. Прынамсі, пасьля будаўніцтва гарналыжных курортаў зьявілася магчымасьць завабіць замежнікаў меншымі коштамі і прымальным сэрвісам. Асабліва гэта тычыцца ня вельмі дасьведчаных гарналыжнікаў, якія не рызыкуюць адразу выпраўляцца на курорты Аўстрыі ці Швэйцарыі. Пра гэта кажа мэнэджэр фірмы “Магістар Віта” Васіль Грынь.

(Грынь: ) “У Беларусі, нягледзячы на тое, што гораў няма, але адно зьяўляецца, другое, паступова фармуецца асяродак, які заактывізуе людзей. Будзе магчымасьць, напрыклад, навучыцца на лыжах катацца, ашчадзіць, бо тутэйшыя інструктары значна таньнейшыя, чым у Аўстрыі, дзе трэба будзе аддаваць па 50 эўра за занятак. Тут, натуральна, усё нашмат таньней. Такім чынам, можна тут навучыцца катацца, а, прыехаўшы туды, ужо толькі атрымліваць задавальненьне, не марнуючы часу і грошай на навучаньне”.
XS
SM
MD
LG