Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўзмацняе мяжу зь Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Агляд чарговага нумару тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

На першай паласе “Нівы” зьмешчаны матэрыял Аляксандра Вярбіцкага, прысьвечаны ўзмацненьню мяжы зь Беларусьсю з польскага боку. У найбліжэйшы час на мяжы толькі ў Падляскім ваяводзтве будуць усталяваныя 13 трыццацімэтровых вышак, зь якіх праз відэакамэры будзе праглядацца памежная тэрыторыя. Спадар Вярбіцкі піша, што ў савецкія часы пра шчыльнасьць мяжы клапаціўся толькі савецкі бок, а цяпер Эўразьвяз усклаў на Польшчу абавязак узяць ахову мяжы ў свае рукі. “Польшча намагаецца далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня, але дзеля гэтага трэба задаволіць строгія патрабаваньні. Бо так як выбіваюць клін клінам, так і для адкрыцьця адных межаў трэба загарадзіць іншыя,” -- напісаў Аляксандар Вярбіцкі.

Сёньняшняя “Ніва” зьмяшчае яшчэ адзін матэрыял, прысьвечаны мяжы. Жыхар падляскай вёскі Мацкевічы Васіль Хмара расказаў карэспандэнту Аляксею Марозу гісторыю, якую без перабольшваньня можна назваць сэнсацыйнай. Пасьля вайны шчыльная мяжа паміж Польшчай і Беларусьсю прайшла праз Белавескую пушчу, разьдзяліўшы суседнія вёскі, сваякоў. Дык вось, паводле спадара Хмары, аднойчы ў 60-я гады, здарылася так, што два дні савецкія памежнікі прапускалі праз дзяржаўную мяжу жыхароў суседніх вёсак без аніякіх запрашэньняў, візаў і пашпартоў.

“Проста калгасьнікі ў часе сенакосаў падпаілі савецкіх памежнікаў і тыя пусьцілі іх да нас. Два дні гасьцявалі нашы сваякі гасьцявалі ў нас. Польскія памежнікі, у сваю чаргу, падумалі, што пераход гэты легальны. Потым у Беларусі апамяталіся, зьнялі камандзіра заставы, потым езьдзілі па памежных вёсках і пыталіся пра нелегальны пераход, але ніхто не прызнаўся”, -- расказаў “Ніве” Васіль Хмара.

Сёньняшняя “Ніва” піша таксама пра дзесяцігодзьдзе беларускага дзіцячага садка, што ў Беластоку. Адметна, што сёлета ў садок больш ахвотных, чым месцаў. Бацькі запісалі ўжо 56 дзяцей.
XS
SM
MD
LG