Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Кур’ер з Барысава”: палякі жывуць значна лепш за беларусаў


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнага друку за 24 чэрвеня.

“Белорусская деловая газета” інфармуе сваіх чытачоў пра рэфармаваньне праваабарончых мэханізмаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Як зазначае “БДГ”, гэтае пытаньне хвалюе многія краіны. У абмеркаваньне ўключылася і Беларусь. Сталы прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэневе Сяргей Алейнік выступіў, напрыклад, за скасаваньне краінавых рэзалюцый ААН, якія, на яго думку, выклікаюць канфрантацыю і зьніжаюць эфэктыўнасць міжнароднага ўзаемадзеяньня. Гэтую пазыцыю Беларусі, як вынікае з афіцыйнага тлумачэньня спадара Алейніка, падтрымалі многія краіны сьвету. Аднак “БДГ” выказвае сумнеў, што беларуская ініцыятыва насамрэч мела шырокую падтрымку. Бо пра яе, як высьветліла газэта, няма ані слова ў справаздачы Камісіі па правах чалавека ААН. Больш за тое, сярод краінаў, што бралі ўдзел у абмеркаваньні, Беларусь, паводле “БДГ”, наагул не значыцца.

“Кур’ер з Барысава” друкуе дарожныя нататкі карэспандэнта гэтага выданьня Паўла Магіліна, які нядаўна пабываў у Польшчы. Аўтар дзеліцца, у прыватнасьці, сваімі ўражаньнямі пра сельскую гаспадарку суседняй краіны. Каб бліжэй пазнаёміцца з аграрным сэктарам Польшчы, барысаўскі журналіст наведаў адну з фэрмэрскіх гаспадарак. Польскія сяляне, якія вядуць сваю гаспадарку на 20-гектарным надзеле зямлі, атрымліваюць на ёй па 60-70 цэнтнэраў збожжа з гектара. Гэта прыблізна ў 2 разы вышэй за ўраджайнасьць большасьці беларускіх калектыўных сельгаспрадпрыемстваў. У польскай фэрмэрскай гаспадарцы барысаўскі журналіст пабачыў шмат тэхнікі: камбайн, тры трактары, некалькі сельгасмашынаў рознага прызначэньня. Апроч гэтага, сям’я польскага фэрмэра выкарыстоўвае для гаспадарчых патрэбаў кампутары, тры легкавыя аўтамабілі. Падсумоўваючы свае ўражаньні, карэспандэнт “Кур’еру з Барысава” прыходзіць да высновы, што сёньняшні ўзровень жыцьця ў Польшчы значна вышэйшы, чымсьці ў Беларусі.

“Наша ніва” паведамляе пра адкрыцьцё 25 чэрвеня ў Санкт-Пецярбурзе 13-й міжнароднай канфэрэнцыі беларусістаў, якую будзе ладзіць доктар філялягічных навук Мікола Нікалаеў. Спадара Нікалаева газэта называе “беларусістам №1 у Расеі” і прапаноўвае інтэрвію зь ім. Ці шмат месца беларуская тэма займае ў расейскай навуцы? Ці пакутуе гэтая навука на імпэрскую хваробу? Як цяпер выглядаюць справы зь беларусазнаўчымі дасьледаваньнямі у Расеі? Адказы Міколы Нікалаева на гэтыя і іншыя пытаньні і можна будзе знайсьці ў сьвежым нумары “Нашай нівы”.
XS
SM
MD
LG