Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за парушэньне правілаў вядзеньня кнігі скаргаў і прапановаў ўводзіцца матэрыяльная адказнасьць


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў прагаласавала за тое, каб такія парушэньні караліся штрафам ад 4 да 10 базавых велічыняў, гэта значыць ад 102 да 255 тысячаў рублёў. Адпаведны дадатак уносіцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях.

Чым тлумачаць неабходнасьць штрафаў, за што будуць караць і як рэагавалі дэпутаты Палаты на новую ініцыятыву? Намесьнік міністра юстыцыі Александар Петраш патлумачыў з парлямэнцкай трыбуны, што дадатак у адміністрацыйнае заканадаўства неабходнае, каб "рэалізаваць на практыцы прэзыдэнцкі дэкрэт". Той самы дэкрэт, які прадугледжвае, што ва ўсіх дзяржаўных органах, арганізацыях, а таксама ў індывідуальных прадпрымальнікаў абавязкова павінна быць узгаданая кніга. Зафіксаваны наступныя галоўныя парушэньні: адмова прад''явіць яе па першым патрабаваньні, парушэньне тэрміну разгляду скаргі, неінфармаваньне аб адмове выканаць заўвагі. За ўсё гэта – штраф. А за сыстэматычнае парушэньне вышэйназваных патрабаваньняў наагул могуць прыпыніць дзейнасьць арганізацыі аж да шасьці месяцаў. Што тычыцца паводзінаў сябраў Палаты прадстаўнікоў, дык толькі Вольга Абрамава выказала нязгоду з тым, што адміністрацыйныя пакараньні могуць накладацца на кіраўнікоў грамадзянскіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Маўляў, непатрэбна дзяржаве ўлазіць у сфэру грамадзянскай супольнасьці:

(Абрамава: ) "Вам не падаецца, што гэта ёсьць давядзеньне сытуацыі да абсурду? Якія можна, прыкладам, прад''яўляць прэтэнзіі з боку грамадзтва да той арганізацыі, якой я кірую, калі мы грамадзтву нічога ня вінныя? Наадварот, мы грамадзтву робім гуманітарныя паслугі за свой кошт".

Следам за спадарыняй Абрамавай слова ўзяў кіраўнік камісіі ў правах чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Юры Кулакоўскі. Аднак, як адразу высьветлілася, не для таго, каб падтрымаць калегу. Наадварот, каб ёй запярэчыць:

(Кулакоўскі: ) "Сытуацыя прагназуецца вельмі проста – любая партыя, любая грамадзкая арганізацыя мае грошыкі і пэўныя абавязкі перад сваімі пайшчыкамі, укладальнікамі... І я магу як сябра партыі альбо грамадзкай арганізацыі запісаць у кніжку – дайце мне справаздачу пра тое, куды пайшлі грошыкі".

Я тут хачу дадаць, што абсалютная бальшыня дэпутатаў не пабачыла ніякіх магчымых парушэньняў правоў і свабодаў грамадзянаў і падтрымала законапраект.

А што думаюць на гэты конт тыя, каго новае заканадаўства будзе цяпер тычыцца непасрэдна, прыкладам, лідэры палітычных партыяў? Намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі лічыць, што новыя дакумэнты ёсьць прыкладам самай тыповай бюракратыі:

(Дабравольскі: ) "Я думаю, што насамрэч, кантроль за дзейнасьцю дзяржаўных органаў патрэбны. Але ён патрэбны зусім у іншым выглядзе: каб была свабодная прэса і каб маглі свабодна казаць людзі, якія ня згодныя з тым, што робіць дзяржаўная ўлада. І тады гэта будзе эфэктыўны кантроль. А цяпер гэта прафанацыя".

(Карэспандэнт: ) "А што б Вы адказалі спадару Кулакоўскаму?"

(Дабравольскі: ) "А на гэты аргумэнт я адкажу так: сябры партыі могуць кантраляваць дзейнасьць сваіх кіруючых органаў шляхам выбараў. І яны могуць ня выбраць тых асобаў, у якіх няма ўпэўненасьці. Адрозна ад таго канглямэрату, дзе працуе спадар Кулакоўскі".
XS
SM
MD
LG