Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэю гісторыі Магілёву не хапае плошчаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве праходзіць міжнародная канфэрэнцыя “Гісторыя Магілёву: мінулае і сучаснасьць”. Навукоўцы з усёй Беларусі, а таксама з Польшчы, Украіны і Расеі, абмяркоўваюць падзеі і знакавых асобаў з гісторыі абласнога цэнтру. Між тым, у аднаго з арганізатараў канфэрэнцыі – музэя гісторыі Магілёву – узьніклі праблемы, якія паставілі пад пагрозу стварэньне новых экспазыцыяў.

Музэй гісторыі Магілёву быў створаны маладымі гісторыкамі, энтузіястамі на пачатку 90-х гадоў, на хвалі нацыянальнага адраджэньня, і ён стаў першым музэем абласнога цэнтру ў Беларусі. Фонд музэя сёньня складае больш за 11 тысяч адзінак захаўваньня. І цяпер высветлілася, што іх няма дзе захоўваць – не хапае месца.

У музэя гісторыі Магілёву – хранічная “жыльлёвая” праблема. Спачатку музэй займаў некалькі пакояў у Архірэйскім палацы – выбітным помніку архітэктуры 18 стагоддзя, пра рэстаўрацыю якога мы расказвалі некалькі дзён таму. Гісторыкі марылі, што жыхарам дому дадуць новыя кватэры, палац адрамантуюць і там хопіць месца і для фондаў, і для экспазыцыяў. Аднак палац урэшце аддалі Праваслаўнай царкве.

Музэй заняў невялікае памяшканьне па-суседзтве з палацам, таксама ў гістарычным будынку. Але гэта зноў частка жылога дома, і плошчаў не хапае. А цяпер сытуацыя яшчэ больш абвастрылася.

Камітэт дзяржаўнага кантролю загадаў вярнуць у памяшканьні музэя старажытную мэблю, якая захоўвалася ва ўправе культуры. Паводле закону пра музэі, усе фонды павінны захоўвацца ва ўласных музэйных памяшканьнях. Таму цяпер мэбля – дарэчы, неадрэстаўраваная, бо на гэта няма грошай – стаіць у музэйнай залі, дзе дзейнічае экспазыцыя, прысьвечаная перамозе ў другой усясьветнай вайне.

Дырэктар Музэя Алег Яшмецьцяў гаворыць, што музэю патрэбныя дадатковыя плошчы, і самым танным спосабам вырашэньня праблемы лічыць высяленьне з гістарычнага будынку людзей, якія ў ім жывуць. Гэта тры сям''і, і новае жытло для іх, мяркуюць у музэі, не патрабуе надта вялікіх сродкаў зь бюджэту гораду, дзе ўлады зацікаўленыя ў разьвіцьці турызму. Гаворыць Алег Яшмецьцеў.

(Яшмецьцеў: ) “Я цудоўна разумею ўлады гораду: грошы на вуліцы не валяюцца, іх трэба зарабляць, у тым ліку і музэй павінен іх зарабляць. Для таго, каб іх зарабляць, каб у горадзе развіваўся турызм, неабходны нейкі штуршок. Неабходнае нейкае ўкладаньне сродкаў”.

Кіраўніца ўправы культуры Магілёўскага гавыканкаму Антаніна Шаркова гаворыць, што на перасяленьне людзей з будынку музэя грошай няма. Жытло элітнае, у гістарычным цэнтры горада, і адпаведна каштуе шмат. Спадарыня Шаркова паведаміла, што для музэя спрабуюць знайсьці дадатковыя пакоі ў іншых будынках, аднак пакуль яна раіць ім працаваць у тых умовах, якія ёсьць.

Гэтая экспазыцыя называецца “Магілёў часоў Магдэбурзкага права”. Цяпер для яе робяцца макеты і васковыя фігуры, але экспазыцыя яшчэ не мантажуецца, бо залі занятыя. Акрамя гэтага, экспазыцыю давядзецца скараціць, таму што на ўсё сродкаў не хапае. Чаму не хапае – растлумачыла супрацоўніца музэя Вольга Чарняўская.

(Чарняўская: ) “Мэта амэрыканскага гранту ў тым, каб даць толькі частку грошай. Можа быць, большую частку, але не на ўсё, што нам патрэбна. Таму што яе мэта – падштурхнуць мясцовыя ўлады для таго, каб яны ўклалі грошы ў сваю нацыянальную культуру. Пакуль мы атрымалі грошы толькі ад ЗША”.

Вольга Чарняўская сказала, што музэй з адкрыцьцём эскпазыцыі спозьніцца, але да канца года яна будзе гатовая. Супрацоўнікі музэя гісторыі Магілёву таксама спадзяюцца, што гарадзкія ўлады зразумеюць, што без свайго будынку музэй ня зможа далей разьвівацца і стаць сапраўдным культурным цэнтрам Магілёву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG