Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна 16 гадоў назад – 24 чэрвеня 1989 году ў Вільні распачаў працу ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”


Галіна Абакунчык, Менск 24 чэрвеня 1989 году ў Вільні распачаў працу ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”. Сябрамі гэтай арганізацыі сталіся людзі, аб''яднаныя агульнай ідэяй нацыянальнага адраджэньня. Менскія ўлады адмовіліся даць для зьезду памяшканьне і сотні фронтаўцаў атрымалі запрашэньне зь Вільні, ад літоўскага руху “Саюдзіс”. Першы зьезд пачаўся ў Віленскім палацы прафсаюзаў на ТУравай гары і цягнуўся два дні.

Колішнія ўдзельнікі зьезду па-ранейшаму трымаюцца розных меркаваньняў адносна слушнасьці стварэньня шэрагу палітычных партыяў, а таксама разьяднаньня Беларускага народнага фронту на партыю БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю. Да прыкладу, вось што сказаў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Сёньня ёсьць іншая сытуацыя ў сьвеце, і калі гаварыць пра Беларусь, то гэта парадаксальнае спалучэньне высьпяваньня грамадзянскай супольнасьці. Гэта з аднаго боку, а зь іншага – спроба лукашэнкаўскага рэжыму вярнуць, часам у парадыйнай форме, некаторыя характарыстыкі савецкага ладу. Нашая грамадзянская супольнасьць фармуецца насуперак гэтай ягонай палітыцы. Але менавіта дзякуючы гэтаму высьпяваньню сёньня ў нас ёсьць тыповы агульнаэўрапейскі спэктар палітычных партыяў. І сярод іх вельмі годнае і безумоўна лідэрскае месца займае партыя БНФ”.

Гаварыў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Адзін зь лідэраў Кансэрватыўна–Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі перакананы, што падзелу ні ў якім разе нельга было дапускаць. Адначасна ён лічыць станоўчым працэс утварэньня шэрагу іншых палітычных партыяў. Гаворыць Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Яшчэ тады мы запісалі ў нашую праграму, што Фронт выступае супраць утылітарнага прагматызму, за маральнасьць палітыкі. І вось у 1999 годзе людзі, якія паставілі супрацьлеглыя мэты, што былі закладзеныя ў праграме Фронту, палічылі патрэбным таксама ўзяць сабе назву БНФ. Гэта, канечне, ня добрая рэч. Але тое, што зьявіліся сацыял-дэмакраты, іншыя партыі й гэты рух працягвае доўжыцца, гэта нармалёвы працэс. Канечне, вялікія праблемы для гэтага працэсу прыносіць зьнешняя агрэсія Расейскай Фэдэрацыі, Расейскай імпэрыі, я б так сказаў”.

Гаварыў сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Адзін з заснавальнікаў БНФ, гісторык Анатоль Грыцкевіч шкадуе, што адбыўся падзел БНФ, але падтрымлівае зьяўленьне новых партыяў. Гаворыць Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Аб''яднаньне тады было неабходнае, а паколькі працэс разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці пашыраўся, то й пачалі стварацца партыі. Як гэта і адбываецца у кожнай звычайнай эўрапейскай краіне. З гледжаньня разьвіцьця гісторыі, гэта натуральны працэс. Іншая рэч, што ў наш пераходны пэрыяд, які на маю думку яшчэ ня скончыўся, гэта было залішне пасьпешна”.

Гаварыў прафэсар Анатоль Грыцкевіч.

Як вядома, многія актывісты БНФ з часам пакінулі шэрагі руху, заснавалі свае партыі або перасталі займацца палітыкай. Што яны думаюць пра разьвіцьцё палітычных працэсаў сёньня? Многія людзі трымаюцца розных меркаваньняў. Адначасна яны выказваюцца й за шматпартыйнасьць, і за аб''яднаўчыя працэсы. Да прыкладу, старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў заяўляе, што ідэя аб''яднаньня, якую ў свой час зьдзейсьніў Беларускі народны фронт “Адраджэньне”, гэткая ж актуальная, як і ў 1989 годзе. Гаворыць Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Спробы сварыць агульнанародны рух, як кажуць, вісяць у паветры. Ствараюцца новыя рухі, да прыкладу, "Воля народа", раней яшчэ некаторыя былі. Аднак, у чым памылка ўсіх гэтых стваральнікаў? Яны ў адрозьненьне ад Зянона Пазьняка не разумеюць, што стварыць рух можна толькі паводле нацыянальнай ідэі. Толькі на нацыянальнай. А гэтыя стваральнікі альбо не разумеюць што такое нацыянальная ідэя, альбо ня хочуць разумець. Таму ў іх нічога й не атрымліваецца. Як кажуць, кола гісторыі чарговы раз павярнулася й той чалавек, які возьме на ўзбраеньне нацыянальную ідэю, ізноў створыць нешта падобнае на БНФ”.

Гаварыў старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. Вельмі важнай і патрэбнай ідэю аб''яднаньня, якую зьдзейсьніў Беларускі народны фронт і якой не хапае сёньня, называе таксама яшчэ адзін удзельнік устаноўчага зьезду, мастак Мікола Купава:

(Купава: ) “Тое, што мы тады ўсе былі аб''яднаныя – гэта самае галоўнае й самае станоўчае. Тое, што пасьля ад фронту адколваліся новыя кавалкі, людзі стваралі свае партыі й рухі – можа гэта й нармалёва, бо гэта натуральна. Хто як можа, так і займаецца адраджэньнем, альбо не займаецца – гэта ўжо іншая рэч. І ў гэтым нашая праблема, што мы застаемся разьяднаныя”.

Гаварыў удзельнік устаноўчага зьезду БНФ “Адраджэньне” мастак Мікола Купава. Адзін з колішніх заснавальнікаў і актывістаў Беларускага народнага фронту, кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі таксама падтрымлівае менавіта шматпартыйнасьць. Але й цяпер ён перакананы, што ідэі Беларускага народнага фронту – той рэальны ідэйны накірунак, здольны аб''яднаць людзей у масавы народны рух. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Сёньня, па-сутнасьці, ідэя Беларускага народнага фронту застаецца жывой. І па вялікім рахунку гэта адзіная плятформа, на якой можна сабраць людзей на ідэйных асновах. Зрэшты ўсе тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў зьезьдзе й якія ня зьехалі зь Беларусі, усе яны ў абсалютнай большасьці так ці інакш, хоць і ў розных арганізацыях, але па-ранейшаму працуюць на тую самую праграму. Таму трагедыя ніякай няма, але тое, што павінны быць нейкі новы рух ізноў з тымі самымі мэтамі, на жаль, пасьля 16 гадоў, такая ідэя застаецца актуальнай”.
XS
SM
MD
LG