Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 чэрвеня расейскі цар Пётр І увайшоў у Віцебск і пачаў барацьбу з уніятамі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 23 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 23 чэрвеня.

23 чэрвеня 1705 году расейскі цар Пётр І, увайшоўшы ў Віцебск, распачаў барацьбу з уніяцтвам. Ён загадаў зьнішчыць усе абразы сьвятога Язафата Кунцавіча і зьбіраўся быў спаліць мошчы Язафата, якія захоўваліся ў Полацку. Аднак уніяцкія сьвятары пасьпелі вывезьці мошчы ў тагачасную сталіцу Беларусі Вільню.

23 чэрвеня 1758 году беларускае мястэчка Вушачы атрымала свой гарадзкі герб. Гэта была выява залатой ракі ў белым полі, а каля ракі – постаць сьвятога Лаўрэна.

23 чэрвеня 1941 году нібыта памёр славуты беларускі мовазнаўца Мікола Байкоў. “Нібыта”, бо насамрэч лёс гэтага выдатнага вучонага няясны. Даведнікі, падаючы дату сьмерці, адзначаюць: “Паводле некаторых зьвестак жыў яшчэ ў 1944 годзе”. Аўтар многіх слоўнікаў і процьмы артыкулаў пра беларушчыну Мікола Байкоў быў арыштаваны НКВД улетку 1930 году, але прабыў у засьценках толькі пару месяцаў. Болей яго карная машына не кранала. Тут ізноў трэба сказаць “нібыта”, бо вялікі вучоны быў выгнаны з Акадэміі навук і працаваў то ў рэклямным агенцтве, то карэктарам у якой-небудзь газэце.

23 чэрвеня 1941 году нямецкія войскі адзін за адным захоплівалі гарады і мястэчкі па ўсёй Беларусі. Былі акупаваныя Горадня, Кобрынь, Воранава, Ружаны, Бяроза, Пружаны, Высокае, Жабінка, Шарашова ды іншыя.

23 чэрвеня немцы пачалі бамбіць Менск. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ў сваіх успамінах згадвае: “Калі майму брату было восем гадоў, а мне — два гадкі, пачалася вайна. Менск пачалі бамбіць ужо 23 чэрвеня. Мы жылі побач з вакзалам у мэдыцынскім інтэрнаце. На цяперашняй вуліцы Сьвярдлова ёсьць бамбасховішча, і мама ўвесь час цягала нас, малых, туды. Мы то хаваліся ў гэтым бамбасховішчы, то сядзелі дома, і ўсе гэтыя дні ня ведалі, што з бацькам. На трэці дзень вайны прыбегла адна мэдсястра, габрэйка, і кажа маме: “Маша, зьбірайся і ўцякай, бо Сашы ўжо няма, бомба трапіла ў апэрацыйную, усе там загінулі”. Ну, што рабіць? Мама ўзяла нас, і мы пешшу выйшлі зь Менску разам з гэтай мэдсястрой Марыяй Ісакаўнай”.

І яшчэ адна ваенная дата, але ўжо з 1944 году. Тады 23 чэрвеня савецкая армія пачала наступальную апэрацыю “Багратыён”, у часе якой была цалкам вызваленая ад немцаў тэрыторыя Беларусі. Пра маштабы той вайны можна атрымаць уяўленьне зь лічбаў статыстыкі. З абодвух бакоў у вайсковых дзеяньнях “Багратыёна” бралі ўдзел больш за 4 мільёны чалавек, больш за 7 тысяч танкаў і столькі ж самалётаў, а таксама 62 тысячы гармат.
XS
SM
MD
LG