Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін прэзэнтаваў новую кнігу (фотарэпартаж)


Валянціны Аксак, Менск Сёньня ў Менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылася прэзэнтацыя кнігі духоўнай паэзіі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Ксты”.

Гэтая кніга выдадзеная рыма-каталіцкаю парафіяй паводле бласлаўленьня і пры самым чынным удзеле пробашча Чырвонага касьцёлу ксяндза Ўладыслава Завальнюка.

Адметнасьць падзеі яшчэ і ў тым, што паэтычнае слова гучыць сёньня не ў тэатральнай, як зазвычай, а ў вялікай залі касьцёлу, пад тымі скляпеньнямі, якія звыкліся да словаў сьвятое імшы ды сьвятарскіх казаняў.

Перад пачаткам самое прэзэнтацыі ў Чырвоным касьцёле была адслужаная імша ў гонар усіх беларускіх літаратараў, якія сваім талентам нясуць роднаму народу высокае слова духоўнае прыгажосьці. Імша перайшла ў паэтычную імпрэзу, якую ўпершыню ў найноўшай гісторыі беларускае літаратуры ладзілі ў літургічнай залі Чырвонага касьцёлу.

Сам паэт сядзеў перад алтаром побач з пробашчам касьцёлу ксяндзом Уладыславам Завальнюком.

Артысты беларускіх тэатраў чыталі вершы з новае кнігі Рыгора Барадуліна, сябры, літаратуразнаўцы і калегі прамаўлялі сваё разуменьне фэномэну таленту аўтара “Кстоў”.

Тое, што рыма-каталіцкая парафія выдала кнігу духоўнае паэзіі, выступоўцы назвалі заканамерным этапам росту непаўторнага барадуліскага таленту, падобны якому даецца рэдка. І нават, як сказаў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, калі б толькі Барадулін быў у нашай паэзіі, то й гэтага хапіла б для ўваходжаньня сучаснай беларускай літаратуры ў эўрапейскі кантэкст, бо ягоны талент аблашчаны нябёсамі.

Вечарына духоўнае паэзіі Рыгора Барадуліна доўжылася болей за тры гадзіны, пасьля чаго паэт яшчэ шмат часу раздаваў аўтографы сваім прыхільнікам.

Фатарэпартаж з прэзэнтацыі:

Рыгор Барадулін чытае "Ксты"

Уладзімер Някляеў

Рыгор Барадулін і маладая чытачка

Рыгор Барадулін і айцец Андрэй Абламейка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG