Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа атручваньня Віктара Юшчанкі: ва “Ўкраінскай газэце” – белыя плямы


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што ў справе пра ягонае атручваньне зьявіліся новыя сьведчаньні, якія праясьняюць карціну падзеяў. Спадар Юшчанка ня стаў удакладняць, але сёньня ж Генэральная пракуратура Ўкраіны выклікала на допыт у справе пра ягонае атручваньне журналіста – галоўнага рэдактара тыднёвіка “Українська газета" Міхаіла Падаляка, якога год таму дэпартавалі зь Беларусі за публікацыю артыкулаў пра атачэньне Аляксандра Лукашэнкі.

Міхаіл Падаляк напісаў артыкул, дзе апавядалася пра магчымую арганізацыю атручваньня спадара Юшчанкі бізнэсоўцам Барысам Беразоўскім ды ягоным сябрам, цяперашнім міністрам надзвычайных сытуацыў Давідам Жваніям.

У публікацыі “Таемная вячэра” маляўніча апісвалася, як спадар Жванія прыляцеў у Лёндан да спадара Беразоўскага, які прапанаваў атруціць кандыдата на прэзыдэнта Віктара Юшчанку дзеля росту ягонага рэйтынгу перад выбарамі.

Спадар Падаляк выказаў спадзяваньне, што выклік яго ў пракуратуру не зьвязаны з пачаткам новай хвалі рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў Украіны.

У інтэрвію Радыё Свабода пасьля 4-гадзіннага допыту Міхаіл Падаляк заявіў:

(Падаляк: ) “Як высьветлілася падчас гэтай размовы, некаторыя дэталі, якія былі агучаныя ў тэксьце “Таемная вячэра”, сапраўды нясуць у сабе падрабязнасьці, якія ведае вельмі вузкае кола людзей, што маюць дачыненьне да сустрэчы будучага прэзыдэнта на лецішчы ў кіраўніцтва Службы бясьпекі Ўкраіны.

Акрамя таго, што мы сёньня давалі паказаньні ў пракуратуры, учора ў нас у офісе рэдакцыі былі прадстаўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны. У рамках апэратыўных захадаў яны задавалі некаторыя пытаньні, якія тычацца гэтай публікацыі, і ці будуць яшчэ ў газэце публікацыі, якія так або інакш уздымаюць тэму атручваньня прэзыдэнта”.

А якія менавіта пытаньні мае да спадара Падаляка ўкраінская генэральная пракуратура? Яе прэсавы сакратар Аляксей Бебель адказаў на гэта так:

(Бебель: ) “Я не магу камэнтаваць гэтае пытаньне. Праводзіцца расьсьледаваньне. Калі будзе магчымасьць, дасудовае сьледзтва паведаміць”.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “Українська газета" Міхаіл Падаляк падкрэсьлівае, што пэўныя людзі ў афіцыйным Кіеве адрэагавалі на ягоны артыкул, і менавіта гэтым выкліканыя дзеяньні пракурораў:

(Падаляк: ) “Мажліва, камусьці не хацелася, каб газэта працягвала публікацыю вэрсіяў атручваньня. Але я думаю, што пракуратура Ўкраіны сёньня ўжо ня ў тым стане, калі яна будзе адкрыта ваяваць з прэсай. Мы сёньня вядзем вельмі цяжкую размову зь некаторымі ўплывовымі асобамі пра тое, маем ці ня маем мы права публікаваць сваё расьсьледаваньні. Яны як бы папрасілі нас прыпыніць на некаторы час публікацыі – на тыдзень, на два тыдні. Таму мы выйшлі зь белымі плямамі – замест вэрсіі нумар ва ўчорашнім нумары газэты белая пляма на развароце”.

Спадар Падаляк прыгадаў, што раней у ягонай практыцы белыя плямы ў газэтах былі толькі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG