Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя правілы форумаў TUT.BY – працяг вымушанай самацэнзуры?


Севярын Квяткоўскі, Менск Найбуйнейшы беларускі інтэрнэт-партал TUT.BY апублікаваў дапаўненьні да правілаў карыстаньня форумамі. У іх нагадваецца пра магчымую адміністратыўную і крымінальную адказнасьць карыстальнікаў за паклёп і абразу грамадзянаў, прадстаўнікоў улады і пэрсанальна прэзыдэнта краіны. Акрамя таго забараняецца выкарыстоўваць іншыя мовы, апрача дзяржаўных, а таксама пісаць з памылкамі. Сытуацыю дасьледуе карэспандэнт "Свабоды".

Рэакцыя ўдзельнікаў інтэрнэт-форумаў TUT.BY на гэтыя дапаўненьні адзінадушна адмоўная. Вось некаторыя вытрымкі з паведамленьняў, пакінутых у разьдзеле абмеркаваньня новых правілаў:

- "Зыходзячы з напісанага, да адказнасьці можна прыцягнуць амаль за кожнае выказваньне. А яшчэ хтосьці спрачаецца, таталітарная ў нас дзяржава ці не".

- "Няма свабоды ў прэсе, на тэлевізіі і радыё. А цяпер на TUT.BY".

Першыя захады да самацэнзуры кіраўніцтва УП "Надзейныя праграмы", якое валодае парталам TUT.BY, зрабіла два месяцы таму. Дырэктар прадпрыемства Юры Зісер пацьвердзіў, што на яго чыняць ціск з вышэйшых уладных структураў. Спадар Зісер патлумачыў, што ёсьць верагоднасьць таго, што абражаны чыноўнік падасьць у суд на TUT.BY і выйграе вялікую грашовую кампэнсацыю. Таму ўведзеныя захады па абмежаваньні карыстаньнем форумамі.

Непасрэдны кіраўнік парталу Кірыл Валошын заяўляе, што самі па сабе форумы не дадаюць прадпрыемству прыбыткаў:

(Валошын: ) “Рэкляму прадаваць там дастаткова цяжка, ды й яна там і не прадаецца”.

Чаму дазволена пісаць толькі на дзьвюх дзяржаўных мовах: расейскай і беларускай? Я нагадаў Кірылу Валошыну, што ў Беларусі жыве шэраг іншых карэнных нацыянальнасьцяў. Вось адказ дырэктара TUT.BY:

(Валошын: ) “Партал завецца “беларускі”. Таму форумы прызначаныя для камунікацыі між беларусамі”.

Пункт пра забарону выкарыстаньня іншых альфабэтаў апрача кірыліцы выклікаў абурэньне сярод карыстальнікаў, якія трымаюцца правілаў беларускай лацінкі.

(Валошын: ) “Пісаць цалкам лацінкай наўрад ці хтосьці будзе забараняць. Але гэта скрайне не рэкамэндуецца зь любові да бальшыні карыстальнікаў”.

Варта дадаць, што фразы і цэлыя паведамленьні, напісаныя не па-беларуску і не па-расейску цяпер трэба перакладаць.

Зь іншага боку, першы дзень жыцьця форумаў TUT.BY паводле новых правілаў выявіў, што забароны не такія катэгарычныя. Большасьць удзельнікаў знаходзяць графічныя спосабы, каб выказаць сваё абурэньне. Дагэтуль у Беларусі няма заканадаўчай базы адносна інтэрнэту. І дагэтуль форумы парталу TUT.BY застаюцца самай вялікай уласна беларускай пляцоўкай, дзе кожны можа выказаць сваю думку.
XS
SM
MD
LG