Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкі сход "саюзнай дзяржавы" пачаў 28-ю сэсію ў Гомелі


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі ў грамадзка-культурным цэнтры распачалася 28-я сэсія так званага Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. З Гомеля перадае наш карэспандэнт

Падобная сэсія, восьмая па ліку, беларускіх ды расейскіх парлямэнтароў праводзілася ўжо ў Гомелі гадоў пяць таму. Я пацікавіўся ў гараджанаў, ці ведаюць яны такую структуру, як Парлямэнцкі сход Саюзу Беларусі і Расеі?

(Хлапец: ) “Я ня ведаю”.

(Студэнтка:) “Такой структуры ня ведаю”.

(Жанчына: ) “Мы рабочыя. Мы нічога ня ведаем. Мы цяпер, як сьляпыя кацяняты”.

(Хлапец: ) “Бачылі картэж машын, чорных “мэрсэдэсаў”, якія ехалі. Западозрылі: якісьці сход”.

Тым часам сэсія распачыналася ў грамадзка-культурным цэнтры – за нейкія 300-400 мэтраў, дзе я вёў апытаньне гараджанаў.

У горад прыехалі сьпікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў, беларускі кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў.

Пазьней ў атачэньні ахоўнікаў, чамусьці накульгваючы, зьвіўся саюзны сакратар Павел Барадзін.

Барыс Грызлоў яшчэ ў аэрапорце заявіў мэдыям, што ў зьвязку зь бюджэтнымі пытаньнямі трэба абмеркаваць пытаньні саюзнай уласнасьці: каму ўсё-такі яна належыць? Разглядаецца таксама сумесная міжнародная дзейнасьць.

Пытаюся ў расейскага дэпутата Віталя Маргелава, ці будзе абмяркоўвацца цяпер канстытуцыя "саюзнай дзяржавы"?

(Маргелаў: ) “Цяпер выносіць на абмеркаваньне, напэўна, рана. Якраз ідзе праца па збліжэньні пазыцыі бакоў, узгадненьні адзінай лініі”.

Напачатку ў грамадзка-культурным цэнтры быў прэзэнтаваны тэлеканал “Беларусь-ТВ”. Надалей у пляне пазначана была праца дэпутатаў ў камісіях. Але неўзабаве парлямэнтары накіраваліся на экскурсіі на гомельскія прадпрыемствы – кандытарскую фабрыку “Спартак”, саўгас-камбінат “Сож”, некаторыя іншыя прадпрыемствы.

Барыс Грызлоў і беларускі сьпікер Уладзімер Канаплёў у суправаджэньні старшыні аблвыканкаму Аляксандра Якабсона аглядалі тым часам на пляцы Леніна сельскагаспадарчую тэхніку, адмыслова прывезеную ня толькі з гарадзкіх прадпрыемстваў, але і з Мазыра, са Сьветлагорску.

Калі госьці спыніліся ля тэхнікі аб''яднаньня “Гомсельмаш”, інжынэр Мікалай з Мазырскага райаграсэрвісу, які прэзэнтаваў камэры-лядоўні для фэрмаў, стаў здымаць парлямэнтароў на відэакамэру.

Да яго хутка падыйшлі два вядомыя ў горадзе палкоўнікі міліцыі ў цывільным. Адзін зь іх, начальнік Цэнтральнага пастарунку Валер Стрыгалёў, запатрабаваў сьцерці відэазапіс.

На заўтра ў Гомелі заплянавана пленарнае пасяджэньне Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Начаваць госьці будуць у адзіным у горадзе трохзоркавым гатэлі “Турыст”.

Расейскія дэпутаты павінны сплаціць за пражываньне як замежнікі: за суткі ў аднамесным нумары – суму, роўную 50 далярам.
XS
SM
MD
LG