Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады зьбіраюцца узмацніць санітарны кантроль за сэканд-хэндам


Альгерд Невяроўскі, Менск Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра тое, што за беларускім рынкам тавараў сэканд-хэнд мусіць быць узмоцнены кантроль, гавораць спэцыялісты-эпідэміёлягі. У Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі паведамілі, што ніякага адмысловага дакумэнту з гэтай нагоды прымаць ня будуць. Рынак патрыманых тавараў будзе адрэгуляваны на падставе прынятых два гады таму новых санітарных нормаў. Будзе больш жорстка правярацца санітарны і эпідэміялягічны стан патрыманых рэчаў, што завозяцца ў Беларусь з-за мяжы, наяўнасьць адпаведных дакумэнтаў і сэртыфікатаў.

Найперш гэта будзе тычыцца гандлю на рынках, дзе, як гавораць чыноўнікі, продаж тавараў сэканд-хэнд часта адбываецца ў антысанітарных умовах. Пры гэтым эпідэміёлягі гавораць, што рэгуляваньне гэтага рынку не павінна прывесьці да зьмяншэньня колькасьці паставак патрыманых рэчаў у Беларусь. Вось што сказаў з гэтай нагоды намесьнік мінастра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Міхаіл Рымжа:

(Рымжа: ) “ Насіць паношаныя анучы — гэта проста нядобра. Па вялікім рахунку, мы ўсё гэта адмыслова абрабляем за дзяржаўныя грошы. Вы ведаеце, патрыманыя рэчы — адкуль мы ведаем, хто іх насіў? У нас цудоўныя беларускія тавары, у нас цудоўны лён, у нас цудоўнае адзеньне. Давайце насіць свё беларускае, давайце быць патрыётамі сваёй дзяржавы”.

Пра тое, якія наступствы можа мець рэгуляваньне гэтага спэцыфічнага рынку гаворыць уладальнік адной зь менскіх крамаў сэканд-хэнд, Аляксандар Зробак:

(Зробак: ) “Тыя, хто працуе на рынку, на развалах, натуральна ж, згубяць працу. Я думаю, што ўладам спачатку трэба падумаць, як даць танныя месцы для гандлю, а потым ужо закрываць. Я ведаю, што дзясяткі, а можа быць, і сотні менчукоў ідуць менавіта на рынак дзеля таго, каб купіць сэканд-хэнд. У крамах пытаньні кантролю вырашаюцца значна прасьцей. У нас зроблена ўсё, як трэба, паводле санітарных нормаў. А на рынку тысячы людзей згубяць працу і дзясяткі тысяч пакупнікоў страцяць магчымасьць купіць танныя рэчы”.

А вось што кажуць пра якасьць патрыманых тавараў пакупнікі крамы:

(Спадарыня: ) “Зручна, вельмі танна і вельмі добрая якасьць тавараў”.

(Спадарыня: ) “Танна і можна знайсьці нешта такое добрае”.

Жыхары Беларусі таксама маюць магчымасьць здаваць свае патрыманыя рэчы ў сэканд-хэнд, толькі называюцца такія крамы камісійнымі. Дарэчы, калі на продаж старых замежных рэчаў трэба мець адмысловыя дазволы і сэрыфікаты, то ў беларускіх камісіёнках гэтага не патрабуецца. Вось што сказала ў інтэрвію “Свабодзе” таваразнаўца пункту камісійнага прыёму рэчаў менскага ЦУМу Людміла Рудзянкова:

(Рудзянкова: ) “Новыя рэчы здаюцца вельмі рэдка. Звычайна здаюць старыя, ношаныя рэчы. Аглядаем візуальна. Глядзім, каб рэч была ў чыстым і цэлым выглядзе”.
XS
SM
MD
LG