Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: ці патрэбная школьная форма?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Міністэрства адукацыі Беларусі прапаноўвае ў новым навучальным годзе вярнуцца да абавязковай школьнай формы. Ці патрэбная сучасным школьнікам свая ўніформа? Пра гэта разважаюць жыхары Віцебску.

(Хлопец: ) “Канечне, патрэбная! У нас шмат мадэльераў, каб зрабілі модна”.

(Дзяўчына: ) “Увогуле мы лічым, што школьная форма — гэта было б добра. Але, з другога боку, кожны хоча адрозьнівацца ад іншых. Так што школьная форма гэта для каго як: каму падабаецца, каму — не”.

(Спадар: ) “Калі я вучыўся ў школе, я быў супраць школьнае формы. А цяпер думаю, што гэта было вельмі добра!”

(Спадарыня: ) “Я таксама засьпела той час, калі насілі форму. Насамрэч у кагосьці ёсьць магчымасьць апранацца модна, прэстыжна, а ў кагосьці такой магчымасьці няма. А форма ў некаторай ступені ўсіх зробіць роўнымі”.

(Спадарыня: ) “Я скажу “так”, школьная форма патрэбная. Форма неяк дысцыплінуе, і я нічога благога ў гэтым ня бачу”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што школьная форма патрэбная. Варта толькі паглядзець, у чым цяпер ходзяць у школу вучні і вучаніцы. Гэта проста жах!”

(Спадарыня: ) “Пупкі голыя, спаднічкі да самае попкі! У маім дзяцінстве, я памятаю, былі белыя фартушкі. Вось такая школьная форма мне падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Ну, у першай, другой клясе мы форму насілі. Але цяпер звыклі школьнікі хадзіць і ў джынсах. Я думаю, што няхай вучні ходзяць у школу ў такім адзеньні, якое ім падабаецца, у якім зручна. Бо ад гэтага ж не залежыць, як яны там вучацца!”

(Спадарыня: ) “Раней я была супраць школьнай формы, але цяпер няхай яна ўсіх зробіць роўнымі: багатыя і бедныя няхай ходзяць у аднолькавых нейкіх спаднічках, кофтачках. Але самае галоўнае, каб гэтая школьная форма была прыгожая, утульная. Хто мусіць паклапаціцца пра гэта? Канечне, улады, якія гэта ўсё ініцыявалі!”

(Спадар: ) “Пачынаць трэба ня з вучняў, а з настаўнікаў, апрануць на іх форму, бо яны дзяржаўныя службоўцы. І толькі потым ужо на вучняў”.

(Спадарыня: ) “Чаму, паступаючы ў вайсковую вучэльню, ніхто не пытаецца, ці патрэбная там форма? Чаму раней былі студэнцкія аб’яднаньнні, дзе была свая форма? Студэнты сустракаліся пад сваімі сьцягамі і ў сваіх капелюшыках. Школьная форма патрэбная абавязкова, гэта ўнівэрсальная рэч!”

(Спадар: ) “Калі ўжо згадваць гісторыю, дык за часам існаваньня Савецкага Саюзу школьная форма зрабілася сымбалем разьмеркаваньня, падпарадкаваньня. Можа, для прыватных якіх інстытутаў ды гімназіяў форма і была б актуальная, але для звычайных агульнаадукацыйных школаў гэта зноў прымус”.

(Дзяўчына: ) “У школе нам сказалі, што патрэбная ня школьная форма, а школьнае адзеньне. Школьная форма — гэта калі абавязковы пінжак і ўсё строга. А школьнае адзеньне — гэта калі такой ужо строгасьці не прытрымлівацца, але й не апранацца абы-як. Проста дзелавы стыль, і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG