Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задаволеныя людзі 11 гадамі прэзыдэнцтва Лукашэнкі?


Галіна Абакунчык, Менск 23 чэрвеня 1994 года ўпершыню прайшлі выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У першым туры галасаваньня на прэзыдэнцкую пасаду прэтэндавалі шэсьць кандыдатаў: Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Васіль Новікаў, Аляксандр Дубко, Вячаслаў Кебіч і Аляксандр Лукашэнка. Сярод іх найбольшую колькасьць галасоў набралі Вячаслаў Кебіч і Аляксандр Лукашэнка, які й перамог падчас другога туру галасаваньня. Цягам 11 гадоў Аляксандр Лукашэнка застаецца нязьменным кіраўніком краіны. Ці задаволеныя людзі 11 гадамі прэзыдэнцтва Лукашэнкі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “У цэлым незадаволены. Народ дрэнна жыве, ніхто сюды ня хоча ехаць: ні прэзыдэнты, ні прэм''ер-міністры. Краіна ў ізаляцыі”.

(Спадарыня: ) “Увогуле задаволеная. Задавальняе што чысты горад, што ўсе могуць вучыцца ну і ўсё такое…”

(Спадар: ) “Аўтарытарны стыль ягонага кіраваньня мне, па праўдзе кажучы, не падабаецца. Пабольш свабоды б”.

(Спадарыня: ) “Мая сям''я задаволеная. Цалкам задаволеная, я ведаю, што й нашыя бацькі, старыя людзі – яны вельмі задаволеныя й удзячныя. А мы таксама: нам стала жыць лепш і лягчэй”.

(Спадарыня: ) “Мне ўжо 60 гадоў, я пэнсіянэрка. Неверагодна цяжка было ўсе гэтыя гады. І я не атрымала ад прэзыдэнта падтрымку, як гаранта Канстытуцыі, за гэтыя 11 гадоў”.

(Юнак: ) “Маё незадавальненьне зводзіцца да таго, што ў нас гіне нацыянальная культура. І з эканомікай пытаньне спрэчнае”.

(Спадарыня: ) “Я абсалютна не задаволеная. Жывем у таталітарнай дзяржаве, у якой не зразумела чаму ўлада сканцэнтраваная вакол аднаго чалавека. Быццам бы рэспубліка – гэта дэмакратычная форма кіраваньня. Насамрэч ніякай дэмакратыі няма, то навошта называцца рэспублікай?”

(Спадар: ) “Не, канечне, не задаволены. Ідэалёгія, кнігі скаргаў у арганізацыях – усё гэта мы ўжо праходзілі. Прэзыдэнту даўно пара сысьці. І па-мойму, адзіны чалавек, які гэтага не разумее, гэта ён сам”.

(Юнак: ) “Не задавальняе тое, што Беларусь нагадвае камуністычную краіну. Няма свабоды”.

(Спадарыня: ) “Не задаволеная, канечне. Таму, што ў нас нічога ня рухаецца, усё закансэрвавана. Вы ж бачыне як парушаюцца правы чалавека. У нас зь меркаваньнем меншасьці ніхто ня лічыцца. У нас лічацца толькі зь меркаваньнем прэзыдэнта й усё”.

(Спадарыня: ) “Я пэнсіянэрка. Ратуе толькі тое, што дачка дапамагае, якая жыве за мяжой. Неверагодна цяжка ўсім і прасьвету няма. Я бывала за мяжой, а таму магу ўпэўнена казаць, што так, як мы жывем – так жыць нельга”.
XS
SM
MD
LG