Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старажытнае сьвята Купальле на старажытнай полацкай зямлі (з фота)


Вінцэсь Мудроў, Полацак Гэтымі днямі летняга сонцастаяньня, парою росквіту жыватворных сілаў прыроды, беларусы адзначаюць сьвята Купалы. Яно мае адметныя нацыянальныя рысы і нездарма напачатку мінулага стагодзьдзя Купальле было названае сьвятам беларускага адраджэньня. Сёньня шмат у якіх мясьцінах моладзь ладзіць аўтэнтычныя сьвяты, аднаўляючы да жыцьця пракаветныя, вядомыя з паганскіх часоў, абрады. Адно з такіх сьвятаў прайшло сёньняшняе начы ў ваколіцах Полацку.

Сёлетняе Купальле ладзілася на беразе маляўнічага Наўліцкага возера. Народу, а гэта была ў асноўным студэнцкая моладзь, сабралася багата, а арганізавалі сьвята наваполацкі гісторыка-культурніцкі клюб “Княжыч” і грамадзянская супольнасьць “Усяслаў Чарадзей”. Прайшло яно дакладна так, як і пракаветнымі часамі: са зьбіраньнем сьвятаянскіх зёлак, з купальскімі вянкамі, з палаючым колам на вершаку трынаццацімэтровага шосту, з карагодамі, скокамі праз вогнішча, варажбою на вянках, гушканьнем на арэлях, качаньнем у расе і купаньнем на досьвітку ў возеры.

Сьвята прайшло гучна, і нават камарэча, якая сёлета лютуе як ніколі, ня здолела яго сапсаваць. Самая пара даць слова непасрэдным арганізатарам сьвята.



Гаворыць маршалак клюбу “Княжыч” Аляксей Кавалёў:

(Кавалёў:) “Гэта ўжо дзявятае Купальле, якое ладзіць наш клюб, і на якое мы запрасілі шматлікіх гасьцей. Галоўная адметнасьць сьвята тая, што яно ідзе па старым абрадзе: і вогнішча запальваем “жывым агнём”, з дапамогаю крэсіва, ну і ўсе абрадавыя моманты намі ўлічаныя”.

Віцэ-маршалак клюбу Сяржук Балай дадае:

(Балай:) “Галоўнае мэта Купальля – ня проста сабрацца разам зь сябрамі і зьезьдзіць адпачыць на прыроду, а рэканструкцыя вельмі каштоўнага, архаічнага, традыцыйна-беларускага абраду Купальля. І рэканструяваць яго неабходна таму, што ў вёсках паміраюць, на жаль, старыя бабулі, якія зьяўляюцца апошнімі носьбітамі традыцый. Мы застаемся пасьля іх і лічам, што пераемнасьць у сьвяткаваньні традыцыйнага Купальля надзвычай важная. Мы павінныя гэтым займацца, каб традыцыя тая ня зьнікла”.

На сьвята прыехала шмат гасьцей зь Менску, Віцебску і нават з-за мяжы. Ім слова:

(Першы голас:) “Вельмі прыемна зноў пабываць на Купальлі. Нягледзячы на тое, што зараз жыву ў Нямеччыне, але, тым ня менш, я ўсё ж такі прыехала і, спадзяюся, што наступным годам буду зноў з “Княжычам” сьпяваць песьні, зьбіраць кветкі і вадзіць карагоды вакол купальскага вогнішча”.

(Другі голас:) “Мы прыехалі зь Віцебску. Упершыню на такім сьвяце: прыехалі паглядзець як беларусы традыцыйна адзначалі сьвята Купалы. Паглядзелі, як дзяўчаты плятуць вянкі, як ўсё гэта адбываецца на прыродзе… Хутка ўжо запаляць вогнішча – пабачым, як будзе валіцца кола. Як нам апавядалі, гэта адно з самых цікавых відовішчаў на сьвяце”.

(Трэці голас:) “Купальле – такое вось аўтэнтычнае, беларускае -- гэта і ёсьць праява сапраўднай беларускасьці. Бо менавіта праз культуру, праз традыцыі; не праз тое, што было навязанае іншымі народамі, а праз тое, што было спрадвеку: вось менавіта адсюль прыходзіць любоў да мовы, да краіны, да Радзімы, да сваёй зямлі”.

XS
SM
MD
LG