Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нецэнзуршчына ў Беларусі


Алег Дашкевіч, Менск У любога народу маюцца ў лексыконе так званыя нелітаратурныя словы ці выразы. Доля выкарыстаньня гэтых словаў грамадзтвам час ад часу вагаецца. Беларускае грамадзтва на сёньня ненарматыўнай лексыкай карыстаецца надзвычай актыўна. Якія працэсы прыводзяць да пашырэньня такіх словаў ува ўжытку чалавека?

Калі йдзеш па менскіх вуліцах альбо едзеш у грамадзкім транспарце, пачуць ненарматыўную лексыку даволі лёгка. Прычым, калі раней лаянка была звыклай для так званых рабочых ускраін, то сёньня брыдкая лаянка нярэдкая ў асяродку студэнтаў, праваахоўных органаў ці людзей, якія залічаюць сябе да эліты. Сытуацыя істотна зьмянілася ад часоў СССР, калі на афіцыйным узроўні існавала жорсткая забарона на “нецэнзуршчыну” ці, больш пашыранае ў нас азначэньне – мат.

Паводле адной з вэрсіяў, азначэньне мату фармулюецца наступным чынам. Мат — гэта так званая «табуяваная» лексыка. Гэта значыць, словы, на якія грамадзтвам накладзена забарона вымаўляць.

Што ж адбываецца ў грамадзтве, калі яно здымае сваю ж забарону на ўжываньне брудных словаў. Філёзаф Валянцін Акудовіч называе ненарматыўную лексыку – тэрыторыяй свабоды.

(Акудовіч: ) "Грамадзтва, выломваючыся са свайго таталітарнага мінулага, дзе з усіх бакоў яно было жорстка абмежавана ў выяўленьні самога сябе, раптам адчула, што можна рабіць тое, што было нельга рабіць раней. Гэта перш за ўсё фэномэн вызваленьня. У ранейшыя таталітарныя часы брутальная лексыка была тэрыторыяй свабоды, прынамсі, гэта была адна зь яе функцый. У адказ на рэпрэсіі, як рэакцыя на гэта і ёсьць пашырэньне гэтай тэрыторыі свабоды праз ужываньне гэтай ненарматыўнай лексыкі.

Адзін з прадстаўнікоў новае генэрацыі студэнт БДУ і сябра Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Васіль Лемеш тлумачыць пашырэньне выкарыстаньня мата, перадусім сярод студэнцкага асяродку, іншымі прычынамі. Галоўнаыя – ў вялікай колькасьці моладзі няма канкрэтнае мэты ў жыцьці зьніжаная планка духоўнасьці, а таксама тут дадаецца фактар расейскага ўплыву.

(Лепеш: ) "Мне здаецца, гэта абумоўлена тым, што студэнтаў стала зараз нашмат болей і ў ВНУ ідуць усе, каму ня лянота. Яны, можа атрымаюць адукацыю, але застануцца неадукаванымі на ўсё жыцьцё. Гэта адна прычына, другая палягае ў духоўнай пустаце, яны ня могуць знайсьці сабе ніякай іншай альтэрнатывы. Мне, чалавеку беларускамоўнаму прыходзіцца радзей ўжываць лаянку, чым маім расейскамоўным сябрам. На расейскіх каналах ужо даўно зьяўляецца лаянка, на замежных у песьнях праз слова гучыць “фак-фак”. Калі зьявілася гэта ў сродках масавай інфармацыі, то людзі пачалі часьцей ўжываць яе ў паўсядзённым жыцьці”.

Фактар СМІ ў пашырэньні ненарматыўнае лексыкі ёсьць прычынай пастаянных спрэчак, што першапрычына, хто больш вінаваты, грамадзтва ці прэса. Намесьнік Старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў – Эдуард Мельнікаў не выключае віны СМІ, але адзначае, што галоўная роля, тут усё ж, належыць грамадзтву.

(Мельнікаў) Сродкі масавай інфармацыі, канечне ж уплываюць на гэта вельмі моцна. На жаль, журналісты як частка грамадзтва, у тым ліку моладзевага грамадзтва, таксама носьбіты такой жа моўнай культуры. Калі я чую некаторыя ФМ радыёстанцыі адразу бачна, які інтэлектуальны ўзровень у вядучых, калі ў іх міжволі, рэфлекторна вырываюцца, тыя ці іншыя слоўцы. Калі мы бачым усе гэтыя расейскія баевікі, танная папса, гэта проста жахліва. Канечне ж, адказнае само грамадзтва, якое ня мае магчымасьці навесьці тут парадак. Давайце возьмем вопыт той самай Эўропы. Ёсьць спэцыяльныя кантрольныя органы, якія сочаць за культурай моўнай. Напрыклад у Францыі ня тое што за ўжываньне ненарматыўнай лексыкі, але нематываванае ўжываньне іншаземнае лексыкі, таксама падпадае пад дзеяньне спэцыяльных законаў”.

Лічыцца, што дзякуючы забароне, а таксама рэдкаму выкарыстаньню, ненарматыўная лексыка зьяўляецца носьбітам магутнай энэргетыкі. Разам з “моцным” словам чалавек выкідае нэгатыў. Але псыхоляг Ірына Мацкевіч мяркуе, што такая функцыя мату для цяперашняга часу нехарактэрная.

(Мацкевіч) Дапушчальнага мату зусім няма. Гэта сьведчыць пра тое, што людзі ня ўмеюць весьці камунікацыю. Па вялікім рахунку гэта так. Мат ужо не зьяўляецца абразай, а як слова-паразыт ідзе”.

(Карэспандэнт) Гэта такая больш жорсткая праява дэградацыі грамадзтва?

(Мацкевіч) Я мяркую так, бо гэта паўсюдна, тут і маладзенькія дзяўчынкі, і падлеткі, і старыя людзі. У першую чаргу гэта зьніжэньне патрабаваньняў грамадзтва да гэтае зьявы. Сёньня ў нас ужываюць тыя, хто павінны караць, калі мы возьмем нашу прававую ахову, то яны ўжываюць гэта, як дзень добры. Ужо даўно заключана псыхолягамі, сацыёлагамі, філёзафамі, што калі йдзе катаклізм у грамадзтве, то пагаршаецца стан духоўнасьці. Згадайце дваццатыя гады”.

На паралелі з дваццатымі паказвае ня толькі мова народу, але й мова, рыторыка й стыль беларускай улады. Абразьлівыя выказваньні у бок сваіх апанэнтаў, даволі звыклая практыка з яе боку і гэта ня можа застаецца па-за рэакцыяй грамадзтва.

(Акудовіч) Мова любой таталітарнай улады, яна па-свойму вельмі брутальная вельмі хамская, бо яна ўводзіць брутальнасьць у норму свае ідэалёгіі. Брутальнасьць люмпэнаў зусім не падаецца такой ужо ненарматыўнай у параўнаньні з нарматыўнай мовай улады. На колькі хамская мова ўлады й нашай непасрэдна (гляньце якімі толькі словамі не абзываецца апазыцыя і ўсе свабоднае) уплывае на пашырэньне ненарматыўнай лексыкі, ну пэўна нейкім чынам уплывае. Канечна гэта не сьвядома, не наўпрост, але калі вам можна лаяцца з тэлевізару, то мне ў сваім асяродку, тым болей.

Лаюцца беларусы сёньня збольшага па-расейску, але ў нашай мове табуяваная лексыка прысутнічала таксама. Якое ж месца было адведзена мату ў беларускай мове, гаворыць мовазнаўца Зьміцер Саўка.

(Саўка) “У беларускай мове гэтыя непрыстойныя словы абагульненыя паняткам мат, маюць прынцыпова іншы статус. У расейскай яны выкарыстоўваюцца, як лаянка, як зьнявага, у беларускай яны выкарыстоўваюцца, калі хочаце, у такім жартаўлівым значэньні. Ёсьць словы, якія адпавядаюць гэтым словам, але яны не разглядаліся, як мат. Гэта кустка на чэлес, посяк на чэлес і потка на вульву. Мат у сёньняшней функцыі, уласьцівы расейскай мове, ў беларускую прыйшоў разам з салдатчынай. Ёсьць фальклёрныя запісы ад людзей, што прайшлі расейскае войска ў дзевятнадцатым стагодзьдзі, там мат у сеньняшнім абліччы ужо прысутнічаў. Па меры таго, як адбывалася русіфікацыя, русіфікавалася й значэньне гэтых словаў”.

Ці ўжываеце вы мат у штодзённым жыцьці, такое пытаньне я адрасаваў прадстаўнікам беларускай палітычнай авансцэны. Гаворыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі) Вельмі, вельмі рэдка. У выключных абставінах. Трэба задаваць такі культурны стандарт, каб непрыстойнасьці не прымаліся ў грамадзтве.

Гаворыць каардынатар “Хартыі 97” Зьміцер Бандарэнка.

(Бандарэнка) “Я паходжу з сям’і, у якой не ўжывалася ненарматыўная лексыка ў побыце. Ні ад маці, ні ад бацькі я гэтага ня чуў. У сваёй сям’і, па традыцыі, я не карыстаюся безумоўна. Пры жонцы, пры дачцэ гэта табу”.

З такім самым пытаньнем я выйшаў на менскія вуліцы.

(Спадар) “Абавязкова карыстаюся. Людзям ненарматыўная лексыка даходзіць значна хутчэй”.

(Спадарыня) “Карыстаюся ў час экстрэмальных выпадкаў, калі разьюшаная ці знэрваваная”.

Наступны спадар толькі прыбыў на сталае жыхарства ў Менск з Сібіры. Я спытаў у яго ці ёсьць нейкая розьніца ў карыстаньні матам паміж Беларусьсю й Расеяй.

(Спадар) “Відавочная. Гэта першае, што кідаецца ў вочы. Жанчыны, дзеці там карыстаюцца больш, чым у Беларусі, заўважна болей”.

Карыстацца ці не карыстацца матам, тут кожны сам сабе гаспадар, але варта згадаць словы аднаго з расейскіх інтэрнэт-выданьняў.

“Частае выкарыстаньне мату хутчэй дапамагае апусьціцца, бо ў якіх словах мы апісваем сьвет, такі сьвет і маем. Мат дазваляе дэманстраваць адно фізычную сілу, але не інтэлектуальную, аднак дваццаць першае стагодзьдзе эпоха ведаў, тэхналёгій і інтэлекту. Таму нехта будзе жыць у сьвеце высокіх тэхналёгій, а нехта ў сьвеце “херні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG