Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутата Рамуальда Ўлана пазбавілі паўнамоцтваў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Дэпутаты Смаргонскага раённага Савету аднагалосна пазбавілі дэпутацкіх паўнамоцтваў прадстаўніка мясцовых дэмакратычных колаў Рамуальда Улана. Ён — прадпрымальнік, у недалёкім мінулым — заснавальнік і рэдактар “Новой газеты Сморгони”, для закрыцьця якой улады зрабілі шмат намаганьняў.

Летась спадара Улана засудзілі да двух гадоў калёніі — пасьля таго, як ён, едучы на машыне, па неасьцярожнасьці зьбіў жанчыну на ровары. якая засталася жывой. Паводле смаргонскага праваабаронцы Алеся Дзергачова, экспэрты прызналі Улана невінаватым у здарэньні, і прысуд быў неапраўдана жорсткім. У жанчыны была зламана ключыца і пашкоджаны пазваночнік, у рашэньні суду гаварылася, што яна атрымала інваліднасьць. Для параўнаньня: летась міліцыянт у Слоніме зьбіў насьмерць дзяўчыну і ўцёк зь месца здарэньня, суд пакараў яго абмежаваньнем волі —гэтак званай “хіміяй”.

Летась Улану паводле амністыі скасавалі адзін год пакараньня. У калёнію ён ня трапіў, а сёлета ўвогуле падпадаў пад амністыю, абвешчаную да Дня перамогі. Паводле Дзергачова, дакумэнты аб амністыі Улана і — адпаведна поўным скасаваньні тэрміна пакараньня суд павінен быў разгледзець напярэдадні сэсіі райсавету, але судовае паседжаньне не адбылося. А 22 чэрвеня спадара Улана пазбавілі дэпутацкіх паўнамоцтваў. У законе аб статусе дэпутата сказана, што ў выпадку суджанасьці дэпутат “можа быць” пазбаўлены паўнамоцтваў.
XS
SM
MD
LG