Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад cлонімскай цэнзуры ўратаваная патрыятычная кніга


Вячаслаў Кулік, Менск Гэтымі днямі ў менскім выдавецтве “Беларускі кнігазбор” пабачыла сьвет новая кніга журналіста і краязнаўцы Сяргея Чыгрына са Слоніму. Паводле словаў аўтара, шлях кнігі да чытача суправаджаўся цэнзурай слонімскіх чыноўнікаў, і ў выніку ў мясцовай друкарні быў зьнішчаны адрэагаваны тэкст і арыгінал-макет.

Выдавецтва “Беларускі кнігазбор” надрукавала 200 асобнікаў кнігі Сяргея Чыгрына “Пакліканыя на родны парог”. Гэта зборнік гісторыка-краязнаўчых артыкулаў журналіста незалежнага выданьня “Газэта Слонімская”. Кнігі пакуль няма ў продажы. Пра ключавыя сюжэты я гутарыў з самім аўтарам.

(Чыгрын: ) “Новую кніжку склалі артыкулы, над якімі я працаваў вельмі шмат гадоў. Я клічу забытых беларусаў на свой родны парог, вяртаю іх зь небыцьця. Я напісаў пра вядомыя у свой час, але забытыя зараз такія постаці Беларусі як Мікола Шкялёнак, Тодар Лебяда, Станіслаў Грынкевіч, Уладыслаў Казлоўскі, Васіль Захарка”.

Чыноўнікі Слонімскага райвыканкаму адмаўляюцца ад гутарак на гэтую тэму, спасылаюцца, што ў друкарні ёсьць гаспадарчае права самастойна працаваць з аўтарамі. Па словах Сяргея Чыгрына, у яго была пісьмовая дамоўленасьць з друкарняй, але другі бок пачаў вылучаць патрабаваньні далёкія ад тэхналёгіі выдавецкай дзейнасьці”.

(Чыгрын: ) “Ужо быў зроблены макет кніжкі, тэкст вычытаны, нарэзаныя плясьціны. Усё было падрыхтавана, каб за дзень-два зьявілася гэтае выданьне. Але калі я прыйшоў забіраць сыгнальныя экзэмпляры, намеснік дырэктара па вытворчасьці Ірына Коўш заявіла: “У кнізе шмат недакладнасьцяў, у прыватнасьці, чаму вы пішаце -- "кастрычніцкі пераварот у Расеі 1917 году"? Трэба пісаць -- "Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя". Чаму вы пішаце пра БНФ?”. Прагучалі й іншыя падобныя пытаньні. Ад спадарыні Коўш я пайшоў да дырэктара Анатоля Лагуціка. Ён даў параду: “Ідзіце ў Слонімскі райвыканкам да намесніка старшыні Анатоля Цярэніна. Калі ён дазволіць гэтую кніжку надрукаваць, то мы адразу ўсё зробім”.

Паводле Сяргея Чыгрына, ён мае намер зьвярнуцца ў суд і абскардзіць невыкананьне кіраўніцтвам Слонімскай друкарні умоваў папярэдняй дамоўленасьці. Аўтар не атрымаў свой заказ і меў з-за гэтага маральныя і матэрыяльныя выдаткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG