Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 гадоў назад адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году


Алесь Дашчынскі, Менск 23 чэрвеня 1994 году адбыўся першы тур выбараў першага прэзыдэнта Беларусі. Тады за былога кіраўніка парлямэнцкай камісіі ў справе барацьбы з карупцыяй Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі больш за 44 працэнты, за прэм''ер-міністра Вячаслава Кебіча – 17 з паловай працэнтаў.

На трэцім месцы, па выніках галасаваньня, апынуўся лідэр БНФ Зянон Пазьняк (троху менш за 13 працэнтаў), за ім ішоў экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч (амаль 10 працэнтаў). Найменшую колькасьць галасоў узялі лідэр аграрнай партыі Аляксандар Дубко (каля 6 працэнтаў) і сакратар ЦК партыі камуністаў Васіль Новікаў (4 працэнты). Адпаведна ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў патрапілі толькі Лукашэнка і Кебіч. Цяпер у нас на сувязі Алесь Дашчынскі. Добры дзень, Алесь. Ці былі шанцы ў дэмакратычных сілаў перамагчы ў першым туры тых выбараў або выйсьці ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў?

На тыя выбары была зробленая спроба вылучыць трох кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў – Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча і Генадзя Карпенку. Нагадаю, што спадар Карпенка ў выніку пэўных абставінаў, зьвязаных са зборам подпісаў, быў вымушаны зьняць сваю кандыдатуру. Ці спрабавалі тады неяк дамовіцца паміж сабой Шушкевіч з Пазьняком, каб перадаць галасы аднаму з двух?

(Шушкевіч: ) “Ніколі ніякія дамоўленасьці з Пазьняком не працавалі больш адной ночы. Пазьняк гэта ня той чалавек, зь якім можна аб нечым дамовіцца. Ён перакананы заўсёды ў сваёй праваце і таму гэта няпростая пазыцыя. Я нават не ўздымаў таго пытаньня, але ўздымалі гэтае пытаньне многія мае сябры. Ніколі не падымаў БНФ пытаньне, каб я зьняў кандыдатуру, таму што яны разумелі, што мой электарат не пяройдзе да Пазьняка. А з Пазьняком была размова, але яе немагчыма было весьці, ён быў перакананы, што ён пераможа”.

Станіслаў Шушкевіч ня лічыць памылковым удзел у выбарах двух дэмакратычных кандыдатаў. У той час краіна была на мяжы эканамічнага крызысу, электарат прагнуў хуткіх перамог і хуткага шчасьця, якое якраз ахвотна абяцаў Лукашэнка. Голым папулізмам ніхто зь іншых кандыдатаў не займаўся, нават Дубко і Новікаў. Станіслаў Шушкевіч адхіляе ўсе абвінавачаньні на свой адрас, што ён, маўляў, нешта зрабіў ня так за тым часам ці не хапіла цьвёрдасьці... Але што можна скарыстаць з таго досьведу прэзыдэнцкіх выбараў цяпер, калі апазыцыя працуе над пошукам адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 году?

(Шушкевіч: ) “Калі б мы маглі пазьбегнуць фальшаваньняў, то ў Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў на пераабраньне. Тут можа быць разьлік толькі на татальнае фальшаваньне. Паліттэхнолягі там працуюць нядрэнныя, карыстаючыся манапольна мас-мэдыямі, яны добра могуць падправіць сытуацыю, укінуўшы патрэбную інфармацыю. Там нядрэнная каманда працуе, яны працуюць проста за грошы, на рынкавых умовах, і нядрэнна зарабляюць на гэтым. Цяпер патрэбен сьцяг дэмакратычных сілаў, таму лідэр дэмакратычных сілаў патрэбен адзіны. Людзі хочуць гэта мець, хочуць ведаць гэтага чалавека”.

Адмыслоўцы пагаджаюцца, што з боку ўлады Кебіча наўрад ці былі масавыя фальшаваньні, хаця яны верагодна і рыхтаваліся. У тагчасную грамадзкую кантрольную камісію за выбарамі ўвайшлі ўсе апанэнты Кебіча – ад Пазьняка да Лукашэнкі. Паводле старшыні гэтай камісіі Мікалая Статкевіча, на той час не было жорсткай вэртыкалі, намэнклятура была дэмаралізаваная, малы аўтарытэт меў Кебіч. У выніку фальшаваньні былі ў межах дапушчальнага, недзе каля 5 адсоткаў...

(Статкевіч: ) “Магчымасьці нават незалежнай прэсы тады дазвалялі нейкія псыхалягічныя дзеяньні адносна магчымых фальсыфікатараў. Напрыклад, была заява БЗВ, якая была прынята на зборах, што праводзіліся ў лесе, і былі вялікія фотарэпартажы з гэтых збораў, дзе здаровыя хлопцы ў камуфляжы дэманстравалі нейкія прыёмы і гэтак далей. На фоне гэтых фотаздымкаў быў зварот да фальсыфікатараў, што мы так гэта не пакінем ”.

(Карэспандэнт: ) Ці былі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў хоць нейкія шанцы на перамогу дэмакратычных кандыдатаў?

(Статкевіч: ) “Безумоўна, былі дапушчаныя памылкі. Пытаньне нават ня ў двух кандыдатурах, гэта быў электарат розны. Людзі простыя, людзі з заводу вагаліся паміж двума кандыдатурамі – Пазьняка і Лукашэнкі. Але потым усё ж большасьць зь іх прыняла бок Лукашэнкі. Я думаю, што дэмакратам не хапіла моцнага цэнтрыста. Магчыма, такім моцным цэнтрыстам мог бы зрабіцца спадар Карпенка. Народ менш зважае на пасады…Яны ўспрынялі кандыдатуру Шушкевіча, які прайграў, слабасьць праявіў, дазволіў сябе зьняць за скрынку цьвікоў. Асноўны ўдар прапагандысцкай машыны Кебіча быў спачатку скіраваны на Пазьняка, яны недаацэньвалі Лукашэнку. Калі яны дацанілі Лукашэнку, то яны вельмі яму дапамглі, асабліва гэта гісторыя з замахам каля Лёзна. Гэты момант быў вырашальным”.

(Карэспандэнт: ) Якія ж высновы можна зрабіць цяпер? Што, зноў трэба шукаць цэнтрыста?

(Статкевіч: ) “Сытуацыя абсалютна іншая, бо сытуацыя ў грамадзтве радыкалізаваная. Нам патрэбен адзіны кандыдат – сьцяг, і ў нас адзінае спадзяваньне на вулічную дэмакратыю. І пачынаць гэтыя акцыі трэба не чакаючы дня галасаваньня, тым больш, што ёсьць нагода: дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Нам патрэбен кандыдат, які б здолеў быць хаця б сьцягам гэтых вулічных акцый”.
XS
SM
MD
LG