Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзеі на перагляд праекту забудовы гістарычнага цэнтру Менску ня спраўджваюцца


Ігар Карней, Менск Спадзяваньні на тое, што раней ухвалены праект перабудовы гістарычнага цэнтру сталіцы можа быць cкарэктаваны, пакуль ня спраўджваюцца. Нягледзячы на намаганьні аўтарытэтных прадстаўнікоў архітэктуры і культуры, якія выступілі з публічнай заявай супраць разбурэньня гістарычнай спадчыны ў самым цэнтры сталіцы, ніякіх захадаў ня зроблена.

Коратка нагадаю перадгісторыю. Пасьля таго, як на пачатку году былі абвешчаныя вынікі фактычна закрытага конкурсу на праект забудовы Верхняга гораду (пераможцам быў абвешчаны спрэчны праект калектыву УП “Мінскпраект” пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Бубноўскага), вядомыя мастацтвазнаўцы, архітэктары, філёзафы напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у Камітэт Дзяржкантролю і Генэральную пракуратуру з заклікам спыніць зьнішчэньне гістарычнага цэнтру Менску. Практычна адразу ж падпісанты былі выкліканыя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе ім абвясьцілі пра ўтварэньне адмысловай камісіі, якая да сярэдзіны красавіка мусіла вырашыць лёс праекту татальнай перабудовы Верхняга гораду у выкананьні архітэктара Бубноўскага. Аднак акрэсьлены тэрмін даўно мінуў, а ніякіх зрухаў няма дагэтуль. Доктар архітэктуры, прафэсар Вальмэн Аладаў перакананы, што зрушыць сытуацыю можа, перадусім, Аляксандар Лукашэнка, бо проста адмахнуцца ад гэтай праблемы немагчыма – тады ўлада пойдзе на парушэньне закону “Аб ахове культурных каштоўнасьцяў”.

(Аладаў: ) “Там усё вельмі добра прапісана. І мы павінны выконваць. А Бубноўскі лічыць, што ён можа дазваляць ці забараняць, хоць такіх паўнамоцтваў у яго няма. У законе вельмі дакладна акрэсьленыя правы, якія нельга перавышаць. А ў нас усё як пачалося, так і працягваецца. І калі ў гэткім жа рэчышчы пойдзе і надалей, я ня ведаю, у ва што гэта ўсё ператворыцца”.

Працягваючы лёгіку спадара Аладава я пацікавіўся, ці былі цягам найноўшай гісторыі Беларусі прэцэдэнты пакараньня за парушэньне закону “Аб ахове культурных каштоўнасьцяў”? У памяці цьмяна ўсплываў адзін прыклад пакараньня трактарыста, які заараў старадаўні курган, але ня больш. Супрацоўніца Генэральнай пракуратуры Антаніна Літвінчук такім пытаньнем была папросту зьбянтэжаная.

(Літвінчук: ) “Мне пра гэта нічога не вядома. Няма нічога падобнага на слыху. Прынамсі, цягам таго часу, як я тут працую, такіх справаў не сустракала. Можа раней штосьці і было, але, зноў жа, калі гэта было і ці было ўвогуле”.

Як трапна выказаўся гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, праект Бубноўскага – гэта праект інтэнсыўнага засваеньня тэрыторый (як асушэньне балотаў), а ніякая не рэстаўрацыя. І першае, што кідаецца ў вочы – вялікая колькасьць новых аб’ектаў, якія ня маюць нічога агульнага з аднаўленьнем: запраектавана пяць паркінгаў і чатыры гатэлі, якія, да таго ж, будуць узводзіцца на аўтэнтычных падмурках.

(Харэўскі: ) “Ніякай гаворкі не вядзецца пра рэстытуцыю – вяртаньне кляштараў і пляцовак, дзе стаялі гэтыя сьвятыні, вернікам. Яны зьбіраюцца забудаваць двума вуліцамі набярэжную ад цэнтру “Журавінка” да мосту, у тры рады. Працягнуць паркінгі аж да тэатру Музкамэдыі, забудаваць другі бок вуліцы Інтэрнацыянальная, там дзе Кастрычніцкая плошча”.

Дарэчы, актыўнасьць праціўнікаў праекту спадара Бубноўскага зрэзанавала вельмі своеасабліва. Ужо былы галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга яшчэ ўвесну выказваў сумніў наконт станоўчага вырашэньня пытаньня. Казаў, што кіраўнікі Менгарвыканкаму і Міністэрства культуры зрабілі ўсё дзеля таго, каб перамог праект камэрцыялізацыі Верхняга гораду. За падобныя заявы, як мяркуюць многія, спадар Папруга і паплаціўся сваёй пасадай, хоць фармальна зь ім проста не працягнулі кантракт. Але Ўладзімер Папруга гаворыць пра іншае.

(Папруга: ) “Тое, што нарабіў Бубноўскі, – гэта можна выказаць толькі вуснай народнай творчасьцю. Ніякай экспэртызы на адпаведнасьць заканадаўству – увесь конкурс увогуле. Як ён праходзіў – адпаведныя і вынікі. Фактычна адміністрацыя прэзыдэнта была дэзынфармаваная з нагоды таго, што адбываецца ў гістарычным цэнтры. А “ногі” усёй гэтай бяды растуць яшчэ з часоў кадэнцыі Ярмошына. Праект Бубноўскага – толькі маленькая недарэчнасьць ва ўсёй гэтай схеме”.

Ці можна казаць, што абяцаны перагляд праекту Дзьмітрыя Бубноўскага ў лепшым выпадку адкладзены да іншых часоў, а як горшы варыянт – справу папросту імкнуцца “згарнуць”? Калі я ўчора з падобным пытаньнем затэлефанаваў прафэсару Аладаву, ён у роспачы кінуў: “Глуха, як у танку”. І іншыя падпісанты таксама кажуць, што ніякіх зрухаў ад сакавіка няма. Атрымаць камэнтар з гэтай нагоды ў адміністрацыі Лукашэнкі практычна немагчыма. А вось як выказаўся прадстаўнік Дзяржаўнага камітэту кантролю, куды быў накіраваны аналягічны ліст, Аляксандар Барташ.

(Барташ: ) “Нічога вам не падкажу, таму што да нас інфармацыя ня ўся “сьцякае”. Прынамсі, такой інфармацыі няма”.

Сам жа Дзьмітрый Бубноўскі, падаецца, мала сумняецца ў тым, што будзе рэалізаваны менавіта ягоны праект. Па-філязофску кажа, што праект мусіць падпісаць ня столькі Аляксандар Лукашэнка, колькі само жыцьцё.

(Бубноўскі: ) “Калі пісьменьніку дастаткова паперы і пяра, то мастаку ўжо больш складана, яму патрэбна яшчэ фарба і пэндзаль. А нам яшчэ неабходныя вялікія сродкі, каб рэалізавацца. Таму ў канчатковым варыянце, канечне, жыцьцё вырашыць. Але ў любым выпадку ў канцы жніўня рашэньне павінна быць пададзенае на разгляд”.

Экспэрты падкрэсьліваюць, што, апроч рэальнай небясьпекі для помнікаў архітэктуры, праект Дзьмітрыя Бубноўскага ніяк не вырашае транспартныя праблемы: калі напярэдадні конкурсу ішла гаворка пра стварэньне пешай зоны ў гістарычным Верхнім горадзе і пра разгрузку яго ад транспарту наогул, дык насамрэч плянуецца збудаваць як мага больш паркінгаў, бізнэс- і гандлёвых цэнтраў, каб гістарычны цэнтар максымальна загрузіць.

На здымку: праект аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску інстытуту "Белпраект". Гэты праект ня стаў пераможцам, але менавіта ў ім прадугледжвалася найбольшая рэгенэрацыя старога гораду, у тым ліку Замчышча і часткі Ніжняга рынку, са зносам некаторых "навабудаў" па праспэкце Машэрава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG