Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвет абяцае дапамогу ў адбудове Іраку


БРУСЭЛЬ. Прадстаўнікі амаль 80 краін на канфэрэнцыі ў Брусэлі выказалі падтрымку працэсу дэмакратызацыі ў Іраку й паабяцалі дапамогу ірацкім уладам. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў: “Міжнародная супольнасьць падтрымлівае ўрад і народ Іраку і перакананая ў тым, што аднаўленьне гэтай краіны паводле рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН нумар 1546 павінна быць пасьпяховым”.

Міністар замежных справаў Іраку Хашыяр Зэбары павітаў вынікі канфэрэнцыі, зазначыўшы, што найбліжэйшыя месяцы маюць выключнае значэньне для будучыні Іраку: “Наступныя месяцы будуць для нас вырашальнымі. Нам патрэбная вашая ўвага, вашая далейшая дапамога. Мы ўпэўненыя, што ўрэшце мы даб’емся посьпеху. Мы не сумняемся, што праўда на нашым баку. Сьвет з намі, і мы гатовыя ісьці далей”.

У выніковай дэклярацыі ўдзельнікаў канфэрэнцыі выказана падтрымка захадам пераходнага ірацкага ўраду “для пабудовы дэмакратычнага, шматнацыянальнага, фэдэральнага й непадзельнага Іраку”. Удзельнікі канфэрэнцыі заклікалі таксама да нацыянальнай згоды ў Іраку.

Канкрэтныя аб’ёмы й формы міжнароднай дапамогі Іраку будуць абмяркоўвацца ў ліпені на канфэрэнцыі краін-донараў у Ярданіі.
XS
SM
MD
LG