Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэкцыя мэталюргічнага заводу звольніла лідэра камуністаў Жлобіну


Казімер Яноўскі, Жлобін Дырэкцыя Беларускага мэталюргічнага заводу звольніла з працы намесьніка начальніка цэха, старшыню Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валера Рыбчанку. Пакуль актывіст у судзе аспрэчваў папярэднія вымовы адміністрацыі, выйшаў загад пра ягонае звальненьне.

У загадзе на звальненьне Валера Рыбчанкі, падпісаным выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара Віктарам Матачкіным, сказана, што звальняецца ён за сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычынаў абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай.

Адзін зь непасрэдных начальнікаў Рыбчанкі, галоўны мэханік мэталюргічнага заводу Сяргей Баршчоў так пракамэнтаваў звальненьне актывіста:

(Баршчоў: ) “Мяне не цікавіць, да якой ён партыі належыць. Мы тут працуем, а не займаемся палітыкай”.

Сам спадар Рыбчанка мяркуе іначай:

(Рыбчанка: ) “Дырэкцыя давяршыла пачатае, каб пазбавіцца ад мяне як актывіста Партыі камуністаў Беларускай. І зрабіла гэта даволі хутка, усяго за паўдня. Дамагаецца паказаць астатнім: вось што мы робім зь любым актывістам, любым іншадумцам”.

Паводле яго, вымовы за нібыта няякасны рамонт абсталяваньня дырэкцыя БМЗ пачала выносіць зь мінулай восені, калі ён не паслухаўся кіраўніцтва і стаў балятавацца на выбарах ад апазыцыйнай партыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У сакавіку спадар Рыбчарка рэзка выступаў на сходзе супраць прапановы дырэкцыі зацьвердзіць у калектыўнай дамове значнае скарачэньне працаўнікоў заводу.

Напачатку травеня Валер Рыбчанка ў Жлобінскім раённым судзе аспрэчваў адну з трох вымоваў дырэкцыі. Пра гэта наша радыё інфармавала слухачоў. Суд не задаволіў ягоны пазоў. Актывіст падаў скаргу ў вышэйшую інстанцыю. Справа яшчэ не завершана, а дырэкцыя за прастой стана 150 у апошні дзень траўня наогул звольніла спадара Рыбчанку з працы як намесьніка начальніка сортапракатнага цэху ў мэханічным абсталяваньні.

На звальненьне Рыбчанкі афіцыйны прафсаюз прадпрыемства не адрэагаваў.

Старшыня прафкаму Аляксандр Каляда заявіў, што Рыбчанка ў камітэт ні разу не заходзіў. Якім чынам паступіць прафкам надалей?

(Каляда: ) “Ну вось атрымае прафсаюз паведамленьне, што ён звольнены. Тады далей мы будзем глядзець”.

Сам Валер Рыбчанка зьбіраецца ў судах аспрэчваць свае пакараньні і звальненьне:

(Рыбчанка: ) “Я зьбіраюся судзіцца, ісьці па ўсіх інстанцыях. Калі спатрэбіцца, дойдзем і да міжнароднага суду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG