Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя два ўдзельнікі акцыі ў Віцебску (фота)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Прадстаўнікі віцебскіх палітычных партыяў сабраліся сёньня на Пляцы Волі, каб выказаць сваю нязгоду з прысудам Паўлу Севярынцу ды Міколу Статкевічу. Праз 40 хвілін ад пачатку ўдзельнікі акцыі былі разагнаныя міліцыянтамі і байцамі АМОНу.

На Пляц Волі ў Віцебску выйшлі сёньня каля двух дзесяткаў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. На грудзёх амаль у кожнага зь іх былі прышпіленыя партрэты Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Дарэчы, і сам спадар Севярынец, і ягоная маці спадарыня Тацяна таксама прыйшлі на плошчу, каб сустрэцца зь землякамі. Убачыўшы ўлёткі з выяваю свайго сына, якія з ахвотаю разьбіралі віцебскія мінакі, спадарыня Тацяна сказала наступнае.

(Тацяна Севярынец: ) "Тое, што адбываецца сёньня, гэта не слава майго сына. Гэта – прызнаньне. Прызнаньне таго, што ён абраў правільны шлях, і я вельмі ўдзячная тым людзям, якія да гэтага неабыякавыя".

Неабыякавых жыхароў Віцебску праз 40 хвілін ад пачатку акцыі наведаў нарад міліцыянтаў. Сьледам за першай міліцэйскай машынай зьявіліся яшчэ дзьве, на якіх прыехалі апэратар зь відэакамэрай і некалькі байцоў АМОНу. Некалькі хвілінаў удзельнікам акцыі ўдавалася стрымліваць напор міліцыянтаў, якія загадвалі ўсім разысьціся. Партыйцы пачалі пакідаць Пляц волі толькі тады, калі старшыню “Маладога фронту” Яніса Чучмана гвалтам запхнулі ў міліцэйскі легкавік.

Сябра партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава затрымалі ўжо тады, калі ён сышоў з плошчы і рухаўся па вуліцы Леніна. Яго схапілі за рукі і пасадзілі ў машыну таксама гвалтам. Дарэчы, затрымалі яго на тэрыторыі Чыгуначнага раёну, але павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел. Ягоныя аднапартыйцы, заўважыўшы гэтае парушэньне, пачалі тэлефанаваць у пракуратуру Кастрычніцкага раёну. Тым часам у спадара Жаляпава ў пастарунку адабралі мабільны тэлефон, каб ён ня мог паведаміць, што зь ім адбываецца ў пастарунку.

Зьвязацца ўдалося толькі зь Янісам Чучманам, які пасьпеў сказаць літаральна некалькі словаў.

(Чучман: ) "Міліцыянты не сказалі мне, паводле якога артыкулу мяне вінавацяць, не паказалі кодэкс. Яны проста склалі пратакол і прымусілі чакаць".

Звонку, на ганках пастарунка, затрыманых чакалі іхныя аднадумцы.

***

А палове на дзевятую вечара Яніса Чучмана і Хрыстафора Жаляпава адпусьцілі. Спадару Жаляпаву нарэшце вярнулі тэлефон, і ён распавёў пра тое, што на іх абодвух склалі пратаколы за распаўсюд улётак без выходных дадзеных, зьмест якіх нясе шкоду дзяржаўнаму ладу і грамадзкаму парадку.

Цяпер пратаколы, складзеныя на Яніса Чучмана і Хрыстафора Жаляпава, будзе разглядаць раённая адміністрацыйная камісія.

***





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG