Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылося набажэнства ў памяць Васіля Быкава (фотарэпартаж)


Галіна Абакунчык, Менск Другая гадавіна сьмерці народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава адзначана памінальным набажэнствам на Ўсходніх могілках Менску. Лідэры палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікі інтэлігенцыі і грамадзкасьці ўсклалі кветкі на магілу пісьменьніка. Прадстаўнікі ўладаў у жалобнай імпрэзе ўдзелу ня бралі.

Памінальную службу каля магілы Васіля Быкава адправіў сьвятар беларускай уніяцкай царквы айцец Андрэй Абламейка. Удзел у жалобнай імпрэзе прынялі родныя і сябры пісьменьніка, сярод якіх Анатоль Вярцінскі, Валянцін Тарас, Уладзімер Някляеў і іншыя. Ушанаваць памяць Васіля Быкава да ягонай магілы ішлі вельмі многія людзі цягам усяго дня. Асабліва шмат было моладзі. Вось што яны казалі ў інтэрвію “Свабодзе”:

(Юнак: ) “Сёньня мы прыйшлі сюды разам зь сябрамі, каб ушанаваць памяць вялікага пісьменьніка і вялікага чалавека Васіля Быкава”.

(Юнак: ) “Мы мусім памятаць, што ён ня толькі быў, але і ёсьць — толькі што ў нашых сэрцах”.

(Юнак: ) “Быкаў — гэта душа і гонар Беларусі. Гэта адзін з маіх самых улюбёных пісьменьнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы тут адзін?”

(Юнак: ) “Так, цяпер прыйшоў адзін. Але ўвечары прыйдзем яшчэ зь сябрамі. Прыйшоў, бо я беларус і хачу аддаць даніну памяці і павагі вялікаму беларусу. Пісьменьніку, якога ведае ўвесь сьвет. Менавіта паводле Быкава многія ведаюць пра Беларусь. Але цяперашняя ўлада памяць пра Васіля Быкава нават не ўшаноўвае. Але калі ўлады чытаюць вершы Быкава, то што можна казаць пра памяць?”

У часе памінальных прамоваў выступоўцы адзначалі, што магіла Васіля Быкава становіцца месцам сьвятым і месцам паломніцтва для беларусаў. А гадавіна ягонага нараджэньня і сьмерці аб’ядноўвае людзей, нібыта, народныя “Дзяды”, зазначыў кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі.

Валянцін Тарас гаварыў пра тое, Быкава цяпер не хапае беларускаму грамадзтву, таксама, што ўлады працягваюць ваяваць з памяцьцю пра Васіля Быкава:

(Тарас: ) “Я вельмі ўзрушаны і ўражаны тым шоў, якое сёньня адбываецца пад Заслаўем на так званай лініі Сталіна. Я ўяўляю, як бы абразіўся Васіль тым, што вэтэранам, якіх запрасілі на гэтае шоў ганаруюць кнігай “Сталіну, Эўропа, пакланіся”. Якая гэта абраза для вэтэранаў, тых людзей. Якія прайшлі вайну ад званка да званка, як Васіль Быкаў”.

Фотарэпартаж:











XS
SM
MD
LG