Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу лідэра салігорскіх прадпрымальнікаў


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў лідэру салігорскіх прадпрымальнікаў Аляксандру Цэцуру ў скарзе на дзеяньні гаспадарчага суду Менскай вобласьці, які абавязаў бізнэсоўца зьліквідаваць запазычанасьць перад фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

У сакавіку сёлета абласны гаспадарчы суд абавязаў спадара Цэцуру заплаціць 2 мільёны рублёў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ён вырашыў абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшай судовай інстанцыі. Гаворыць салігорскі юрыст Тамара Шалмакова, якая прадстаўляла ў судзе інтарэсы прадпрымальніка:

(Шалмакова: ) “Сёньня, разгледзеўшы нашу скаргу, мы бачылі па тварах, па тоне, па голасе, што Вышэйшы гаспадарчы суд на нашым баку. Але сказалі, што нам трэба плаціць. Сказана было з такім шкадаваньнем. Відаць было, што яны паднявольныя людзі”.

Так лічыць спадарыня Шалмакова. Сёньняшняе рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду расчаравала і Аляксандра Цэцуру. Вось як ён патлумачыў свае ўзаемадачыненьні з фондам:

(Цэцура: ) “У фонд сацыяльнай абароны я не станавіўся на ўлік. Ніякіх заяваў не падаваў. Яны мяне паставілі на ўлік самі, спаслаўшыся на дэкрэт №18. Налічылі мне пеню, штрафы. І вось у мяне ў цэлым атрымалася каля 2 мільёнаў”.

Нагадаем, у 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт, якім абавязаў дробных прадпрымальнікаў рабіць штомесячныя выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 36% мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Прадстаўнік фонду Аляксандар Саладоўчанка афіцыйна зьвярнуўся да бізнэсоўцаў з заявай пра неабходнасьць ліквідацыі імі запазычанасьці за ўвесь тэрмін дзеяньня дэкрэту. Паводле зьвестак спадара Саладоўчанкі, прадпрымальнікі маюць перад гэтай дзяржаўнай установай агульны доўг памерам 46 мільярдаў рублёў.

Між тым, у цэлым па краіне каля 45 тысяч прадстаўнікоў дробнага бізнэсу дагэтуль ігнаруюць фонд соцабароны, лічаць прымусовае сяброўства ў ім незаконным. Гаворыць актывіст грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Ігар Леднік, які таксама прысутнічаў на сёньняшнім судзе:

(Леднік: ) “Гэта ня першы працэс. Але, на жаль, мы ня можам ведаць усяго, што робіцца ў краіне. Таму што прадпрымальнікі ідуць у суд і плацяць. Гэта толькі актывісты ідуць і змагаюцца да канца, да Вышэйшага гаспадарчага суду. Зараз мы плянуем падаваць скаргу ў назіральную інстанцыю”.
XS
SM
MD
LG