Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірак просіць матэрыяльнай дапамогі


Юрась Бушлякоў, Прага На міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньні будучыні Іраку, што праходзіць сёньня ў Брусэлі, ірацкае кіраўніцтва зьвярнулася да ўсясьветнай супольнасьці з просьбаю аб дапамозе ў адбудове краіны. На канфэрэнцыю зьехаліся прадстаўнікі больш як 80 краін і міжнародных арганізацыяў, у тым ліку генэральныя сакратары ААН і НАТО, міністры замежных справаў усіх дзяржаваў Эўразьвязу, ЗША, а таксама краін-суседзяў Іраку. Форум у Брусэлі дае магчымасьць дэталёва прааналізаваць крокі Іраку ў кірунку палітычнага й эканамічнага рэфармаваньня.

Форум у Брусэлі мае падвойную мэту. Па-першае, асноўныя крэдыторы Іраку маюць магчымасьць зь першых рук атрымаць інфармацыю аб плянах пераходнага ірацкага ўраду на найбліжэйшыя месяцы, аж да прызначаных на сьнежань выбараў. Па-другое, улады Іраку хочуць выкарыстаць прадстаўнічы форум, каб заручыцца міжнароднай падтрымкаю сваіх палітычных і эканамічных рэформаў.

Адказваючы на пытаньні журналістаў перад самым адкрыцьцём брусэльскай канфэрэнцыі, міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэк Стро гаварыў, што форум – гэта шанц для ўсясьветнай супольнасьці прадэманстраваць еднасьць у пытаньні Іраку.

(Стро: ) “Канфэрэнцыя падкрэсьлівае й сымбалізуе той факт, што ўсясьветная супольнасьць, глыбока падзеленая у часе й напярэдадні ваеннай апэрацыі ў Іраку, цяпер актыўна яднаецца, каб падтрымаць пабудову дэмакратычнага, мірнага й квітучага Іраку”.

Прэм’ер-міністар Іраку Ібрагім аль-Джаафары, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў канфэрэнцыі, ахарактарызаваў сытуацыю ў Іраку як “змаганьне воляў паміж дабром і злом”. Паводле аль-Джаафары, Ірак імкнецца да эканамічнай і палітычнай незалежнасьці.

Усе асноўныя выступоўцы ў Брусэлі асабліва акцэнтуюць важнасьць залучэньня ў палітычны працэс у Іраку ўсіх этнічных і рэлігійных групаў. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан падкрэсьліў у часе канфэрэнцыі, што прыняцьце новай канстытуцыі Іраку мае адбывацца максымальна празрыста з удзелам усяго ірацкага грамадзтва.

(Анан: ) “Іракцы павінны аб’яднацца, каб выпрацаваць новую канстытуцыю ў ходзе супольнага празрыстага працэсу, які адпавядае патрэбам ўсяго грамадзтва. Дасягненьне кансэнсусу ў пытаньні новай канстытуцыі вымагае кампрамісу, але мы бачылі, што кампраміс магчымы і што ён дае плён”.

Удзельнікі брусэльскай канфэрэнцыі не абмяркоўваюць пытаньняў фінансавай дапамогі Іраку: паседжаньне дзяржаваў-донараў пройдзе ў сярэдзіне ліпеня ў Ярданіі. Ня ў цэнтры ўвагі ў Брусэлі й пытаньні вайсковага характару. Канфэрэнцыя прысьвечаная тром глябальным праблемам, агавораным у рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, – палітычныя рэформы, адбудова эканомікі і аднаўленьне грамадзкага парадку й вяршэнства закону.

Сустрэча ў Брусэлі разглядаецца таксама як магчымасьць палепшыць дачыненьні паміж Іракам і яго суседзямі. Першай арабскай краінаю, якая прызначыла свайго пасла ў Іраку, стаў Эгіпет, – пра гэта сёньня паінфармаваў ірацкі міністар замежных справаў Хашыяр Зэбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG