Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск тры дні – без вады


Казімір Яноўскі, Сьветлагорск Трэція суткі застаецца, фактычна, без цэнтралізаванага забесьпячэньня вадою 70-тысячны горад Сьветлагорск. Падрабязнасьці падае наш гомельскі карэспандэнт.

Вада ў горадзе ўключаецца падвечар літаральна на дзьве гадзіны. У шматпавярховых дамах яна невялікімі струменьчыкамі даходзіць толькі да першых паверхаў.

Распавядае жыхарка трэцяга мікрараёну Святлана Баранава:

(Баранава: ) “Няма вады. Ходзім да калёнкі ля моста. Маці мая ў мікрараёне Энэргетыкаў жыве. Калёнка ў іх блізу філіі “Беларусбанка” – там паўгорада ў чарзе стаіць”.

Дырэктар сьветлагорскага жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Сьветач” Анатоль Абаранак так патлумачыў прычыну спыненьня падачы вады:

(Абаранак: ) “Аварыя на асноўным гарадзкім калектары бытавых сьцёкаў. Стары калектар парваўся ў трох месцах на участку, які належыць аб''яднаньню “Хімвалакно”. Мы ім дапамагаем. Падключаны ўсе службы надзвычайных сытуацыяў. Кіруе ўсімі першы намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандр Камісарчук. Ваду мы даём паводле графіку. Дзе гэта немагчыма, прывозім ваду малакавозамі ў пэўны час і пэўныя месцы. У дзіцячыя садкі ў першую чаргу. Так што горад у нас без вады не бывае”, – сьцьвярджае кіраўнік камунальнага прадпрыемства Анатоль Абаранак.

Шараговыя сьветлагорцы кажуць пра забесьпячэньне гораду вадою наступнае:

(Масьлюкоў: ) “Такая аварыя ўжо ня першы раз, але ў горадзе у мікрараёнах няма калёнак, а толькі на ўскраінах. І нават не хапае аўтацыстэрнаў для падвозкі вады. Таму давялося прасіць аўтацыстэрны ў Жлобіне. Чэргі людзей каля цыстэрнаў, а таксама каля калёнак на ўскраінах гораду выстройваюцца да двухсот чалавек”, – кажа жыхар Сьветлагорску Тэльман Масьлюкоў.

За падвозам вады назіраў жыхар Сьветлагорску Віктар Раманішка:

(Раманішка: ) "На пляцоўку блізу школы мастацтваў падвозяць цыстэрнамі ваду. Звычайна ўтвараецца чарга чалавек дзьвесьце. І даюць у адны рукі толькі па адным вядры вады".

Хто з гараджанаў мае аўтамабілі, той езьдзіць па ваду на лецішчы ці ў бліжэйшыя вёскі.

Гарадзкія кіраўнікі сьцьвярджаюць, што зьліквідуюць аварыю да цямна сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG