Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня – саракавіны па ахвярах расстрэлу ў Андыжане


Юры Дракахруст, Прага Сёньня – 40-ы дзень пасьля расстрэлу людзей у Андыжане, саракавіны па забітых падчас забурэньняў у ўзбэцкім горадзе Андыжан. Учора парлямэнцкая камісія Ўзбэкістану абнародавала вынікі свайго расьсьледаваньня таго, што адбылося ў Андыжане. Узбэцкія ўлады дагэтуль адмаўляюцца ад незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня гэтых крывавых падзеяў.

Жалобная сура Карану сёньня гучыць па ўсім Андыжане. Мусульмане, як і хрысьціяне, адзначаюць 40-дзень смутку і жалобы па памерлых. Сёньня Андыжан смуткуе па ахвярах “крывавай пятніцы” 13 траўня.

Дагэтуль невядомая дакладная лічба забітых падчас тых забурэньняў, улады называюць лічбу 176 чалавек, паводле дадзеных праваабаронцаў сьпіс забітых уключае ў сябе да 1000 чалавек, значная частка якіх – жанчыны і дзеці.

У сёньняшніх жалобных цырымоніях у Андыжане родныя забітых маніфэстантаў моўчкі праходзілі ў свае дамы. У той жа час блізкія салдатаў, якія загінулі 13 траўня, выказвалі сваё гора публічна, распавядаючы замежным журналістам, што іх сыны, мужы і бацькі загінулі, абараняючы краіну ад “ісламскіх радыкалаў”.

У Ташкенце група праваабаронцаў усклала да манумэнту “Мужнасьць” вянкі з надпісамі “Дзеці Андыжана, мы памятаем вас”, “Карымаў адкажа за свае дзеяньні ў судзе”, “Маці Андыжану, мы смуткуем разам зь вамі”.

Міліцыя разагнала ўдзельнікаў акцыі, некаторыя зь іх былі затрыманыя. Гаворыць праваабаронца Сурет Ікрамаў.

(Ікрамаў: ) "Мы з жонкай паклалі кветкі да манумэнту і вярнуліся дадому. Каля дзьвярэй мяне ўжо чакалі міліцыянэры. Яны сказалі, што мяне выклікаў начальнік РАУС і адвезьлі туды. Там мяне пратрымалі дзьве гадзіны".

Учора, напярэдадні саракавінаў, узбэцкая парлямэнцкая камісія абнародавала вынікі свайго расьсьледаваньня. Камісія складалася з прадстаўнікоў партыяў, якія падтрымліваюць прэзыдэнта Карымава. Паводле яе высноваў падзеі ў Андыжане былі “мяцяжом, сплянаваным звонку”, і мелі на мэце захоп улады ў рэгіёне. Доказаў, якія б пацьвярджалі гэтую вэрсію, у справаздачы прыведзена не было.

ААН, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз патрабуюць ад Ташкенту правядзеньня незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня, узбэцкія ўлады гатовыя толькі дазволіць замежным дыпляматам наведаць Андыжан. Першая такая паездка дыпляматаў з Расеі, Кітаю, Ірану, Індыі адбылася 18 чэрвеня. Аднак дыпляматы мелі магчымасьць размаўляць з жыхарамі гораду толькі ў прысутнасьці афіцыйных узбэцкіх прадстаўнікоў, ім не дазволілі наведаць школу, якая выкарыстоўвалася падчас забурэньняў у якасьці моргу. Мяркуецца, што бліжэйшым часам адбудзецца яшчэ адна паездка дыпляматаў у Андыжан.

Амэрыканскія прадстаўнікі адмовіліся ўдзельнічаць у такіх паездках, падкрэсьліўшы, што яны ня могуць быць заменай незалежнага расьсьледаваньня.

Пакуль не атрымалі доступу да параненых нават прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага крыжу. Гаворыць прадстаўнік гэтай арганізацыі Рафаэла Мэлер.

(Мэлер: ) "Мы маем доступ у рэгіён, але нас не пускаюць да параненых. Зараз мы вядзем перамовы з уладамі, каб нас дапусьцілі да ахвяраў, кім бы яны ні былі".

Узбэцкія ўлады не дазволілі наведаць Андыжан і пасланцам Вярхоўнага камісара ААН у правох чалавека. Яны пакуль што вывучаюць сытуацыю, размаўляючы з узбэцкімі ўцекачамі, якія пасьля андыжанскіх падзеяў знайшлі прытулак у Кіргізстане.
XS
SM
MD
LG